——— 7 ———
Вялікая рознастайнасьць формаў паверхні робіць Эўропу краем асабліва дастасованым да разьвіцьця культуры. Кожная з асобных краін Эўропы мае свае прыродныя асаблівасьці, у кожнай з іх дзеяльнасьць чалавека йдзе сваім асобным шляхам, у кожнай чалавек мусіць выдумляць свае асаблівыя спосабы барацьбы з прыродай. Горныя ланцугі Эўропы маюць багата выгодных праходаў і не перашкаджаюць насельнікам краін, якія ляжаць абапал гэтых ланцугоў, мяняцца сваймі таварамі, а адначасна і ўсімі набытымі ведамі, усімі палепшанымі ў сваіх абставінах жыцьця спосабамі барацьбы за існаваньне. Рознастайнасьць гэтых спосабаў у зьвязку з лёгкасьцю зносін паміж асобнымі краінамі, абмен ведаў паміж народамі Эўропы пашыралі сьветапогляды эўропэйцаў і такім спосабам дапамагалі разьвіцьцю іх культуры. Паводле асаблівасьцяй будовы паверхні Эўропу можна падзяліць на 3 абшары:
1) Усходняя Эўропа зьяўляецца вялікай раўнінай, на якой пласты земнай кары ляжаць роўна, паземна, або зусім няпрыметна нахілены да кругавіду. Толькі на ўскрайках гэтую раўніну атачаюць горныя ланцугі.
(Адшукай іх на карце і вывучы іх назовы).
2) Паўночна-Заходняя Эўропа здаўна была горным абшарам; здаўна пласты земнай кары тутака склаліся ў зморшчы. Але гэтыя горныя зморшчы існавалі міліёны вякоў, размываліся вадой, руйнаваліся пад уплывам зьменаў тэмпэратуры, амаль-што зусім зраўняліся з роўнем мора, часамі апускаліся нават ніжэй гэтага роўня, заліваліся хвалямі мора й пакрываліся пластамі паземных морскіх адкладаў. Цяпер, як і ўва Ўсходняй Эўропе, тут на паверхні пераважваюць паземныя пласты, але шмат у якіх месцах Паўночна-Заходняй Эўропы земная кара патрэскалася, кавалкі зямлі між утворанымі шчылінамі павыпіраліся ўгару, падняліся над акружаючай мясцовасьцю і зноў зрабіліся гарамі — так званымі горстамі. Месцам, наадварот, кавалкі між шчылінамі апусьціліся й перавярнуліся ў катліны — так званыя грабэны.
Горставыя горы Паўночна-Заходняй Эўропы адзначаюцца звычайна адхоннымі схіламі; вярхі іх або плоскія, або акругленыя.
(Пераглядзі па карце назовы гор і нізін Пн.-З. Эўропы).
3) Паўднёва-Заходняя Эўропа таксама багата на горы, але тамака горы маюць зусім іншы выгляд. Схілы іх зрывістыя, вярхі вострыя, высокія, зубкаватыя. Горы гэтыя й да сяго часу маюць выразную зморшчавую будову, пласты земнай кары выгінаюцца ў іх, як аркушы паперы ў выгнутым сшытку. Горы ў Паўднёвай Эўропе ўтварыліся многа пазьней, як у Паўночна-Заходняй. З гэтай прычыны яны не пасьпелі яшчэ гэтак зруйнавацца, як там, дасягаюць звычайна большай вышыні, часта сягаюць пад воблакі вышэй мяжы вечнага сьнегу.
Рознастайнасьць іх форм залежыць ад рознастайнасьці тых пластоў, з якіх складаюцца зморшчы. Мяккія гліны і маргалі лёгка змываюцца цякучай вадой, а цьвёрдыя, моцныя вапнякі, пескавікі, асабліва-ж граніты й гнэйсы застаюцца ў стане хрыбтоў і вострых вярхоў.