кожным прыжком гвалтуючы сваю прыроду і зневажаючы свой гонар, а бегчы так прыходзілася цэлы дзень.
Такі гвалт над сабой не праходзіць беспакарана. Калі волас, які вырас на целе, прымусіць расці ў адва ротным напрамку, ён будзе прыносіць пакутны боль. Тое-ж самае здарылася і з Белым Клыкам. Усёй сваёй істотай ён імкнуўся накінуцца на зграю, якая праследавала яго па пятах, але волю багоў нельга было парушаць; апрача таго, воля гэтая падмацоўвалася ўдарамі трыццаціфутовай пугі, звітай з аленіх кішак. І Белы Клык сціснуўшы сэрца зносіў усё гэтае, затаіўшы ў сабе такую нянавісць і злосць, на якую толькі была здольна яго лютая і неўціхамірная натура.
Калі жывую істоту і можна было калі-небудзь назваць ворагам сваёй пароды, то гэта аднося іменна да Белага Клыка. Ён ніколі не прасіў літасці і сам нікога не шкадаваў. Сляды ўкусаў і нападаў не сыходзілі ў яго з цела, а сабакі ў сваю чаргу не расставаліся з адзнакамі яго зубоў. У процілегласць многім важакам, якія кідаліся пад абарону багоў, як толькі сабак распрагалі на стаянках, Белы Клык пагарджаў такой абаронай. Ён адважна разгульваў па стаянцы, уначы распраўляючыся з сабакамі за ўсё тое, што даводзілася сцярпець ад іх удзень.
Раней, калі Белы Клык яшчэ не быў важаком, яго таварышы па запрэжцы звычайна стараліся не пападацца яму на дарозе. Цяпер становішча спраў змянілася. Пагоня, якая не спынялася ўвесь дзень, відовішча Белага Клыка, які імчаўся ўперад, відовішча, якое не выходзіла ў іх з галавы нават на стаянцы, усведамленне, што ўвесь дзень ён знаходзіўся ў іх уладзе, усё гэта не дазваляла сабакам уступаць Беламу Клыку дарогу. Варта было яму з'явіцца сярод зграі, зараз-жа пачыналася бойка. Яго прагулка па стаянцы суправаджалася рыкам, грызнёй, віскам. Самае паветра, якім дыхаў Белы Клык, было насычана нянавісцю і злосцю, і гэта толькі ўзмацняла нянавісць і злосць у ім самым.
Калі Міт-Са загадваў запрэжцы спыніцца, Белы Клык слухаўся яго воклічу. На першы час гэтае спыненне выклікала замяшанне сярод сабак. Усе яны накідаліся на ненавіснага важака, але тут справа набывала зусім іншы