Старонка:Liondan.Biely klyk.djvu/130

Гэта старонка была вычытаная

арудвае хлыстом. Ён не спрабаваў абараніць сабаку. Ён ужо больш не належаў яму. Калі збіванне скончылася, Белы Клык быў ледзь жывы. Слабы паўднёвы сабака не перанёс-бы такіх пабояў, але Белы Клык перанёс. Яго загартавала суровая школа жыцця. Ён быў здзіўляюча жывучы і чапляўся за жыццё. Але зараз Белы Клык ледзь дыхаў. Ён не мог нават паварушыцца, і Прыгажуну Сміту прышлося пачакаць з поўгадзіны, пакуль Белы Клык здолее крануцца з месца. Затым ён устаў хістаючыся і, нічога не бачачы перад сабой, пацягнуўся за Прыгажуном Смітам у форт.

На гэты раз яго пасадзілі на ланцуг, які не паддаваўся зубам. Белы Клык стараўся вырваць скабу, убітую у бервяно, але ўсе яго намаганні былі дарэмны. Праз некалькі дзён працвярэзіўшыся і дашчэнту разароны Шэры Бобр адправіўся ў далёкі шлях па рацэ Парк'юпайн на Макензі. Белы Клык астаўся ў форце Юкон і перайшоў цалкам ва ўласнасць чалавека, які напалову ужо страціў свой розум і ператварыўся ў звера. Але што ведае сабака аб шаленстве. Для Белага Клыка Прыгажун Сміт стаў богам, страшным, але ўсё-ж сапраўдным богам. У лепшым выпадку, гэта быў шалёны бог, але Белы Клык нічога не ведаў аб шаленстве; ён ведаў толькі, што трэба падпарадкоўвацца волі гэтага чалавека і выконваць усе яго жаданні і капрызы.

Раздзел трэці

ЦАРСТВА НЯНАВІСЦІ

Пад апякунствам шалёнага бога Белы Клык ператварыўся ў д'ябала. Зрабіўшы ў канцы форта загародку, Прыгажун Сміт прывязаў Белага Клыка на ланцуг і пачаў даводзіць яго да злосці і шаленства, невялікімі, але пакутлівымі нападкамі. Ён вельмі хутка выявіў, што яго афяра не можа сцярпець смеху, і звычайна заканчваў свае катаванні аглушальным насмешлівым рогатам. Здекваючыся над Белым Клыкам, бог паказваў на яго пальцам; у гэтыя хвіліны розум пакідаў сабаку і ў прыпадках ярасці, якая ахапляла яго, ён здаваўся яшчэ больш шалёным, чым Прыгажун Сміт.