Да гэтага часу Белы Клык адчуваў варожасць — праўда, варожасць лютую — толькі да істот сваёй пароды. Цяпер ён зрабіўся ворагам усяго, што бачыў навокал сябе. Здзекванні Прыгажуна Сміта давялі яго да такога азлаблення, што ён слепа і безразважна ненавідзеў усё навакольнае. Ён зненавідзеў свой ланцуг, людзей, што дзівіліся з яго праз агарожу, сабак, якія прыходзілі разам з людзьмі, на злосны рык якіх ён нічым не мог адказаць. Белы Клык ненавідзеў нават дошкі, з якіх была зроблена загарадка. Але больш за ўсё ён ненавідзеў усё-ж Прыгажуна Сміта.
Абыходзячыся так з Белым Клыкам, Прыгажун Сміт ставіў перад сабой пэўную мэту. Аднойчы каля загародкі сабралася некалькі чалавек. Прыгажун Сміт ўвайшоў да Белага Клыка, трымаючы ў руцэ палку, і зняў з яго ланцуг. Як толькі гаспадар пайшоў, Белы Клык пачаў кідацца ўнутры загарадкі, стараючыся дабрацца да людзей, што дзівіліся з яго. Белы Клык быў вельмі прыгожы ў сваёй ярасці. Поўных пяць футаў у Даўжыню і два з паловай у вышыню, ён важыў значна больш любога ваўка тых-жа размераў. Белы Клык атрымаў у спадчыну ад маці масіўны корпус сабакі і важыў больш дзевяноста фунтаў, прычым на целе яго не было і слядоў тлушчу. Ён складаўся з адных мускулаў, касцей і сухажылляў і ўяўляў сабой вельмі прыгожы арганізм, нібы спецыяльна створаны для бітваў.
Дзверы да яго ў загарадку зноў прыадчыніліся. Белы Клык спыніўся. Адбывалася нешта незразумелае. Дзверы адчыніліся шырэй. Затым да яго ўштурхнулі вялікага сабаку, і дзверы зачыніліся. Белы Клык ніколі яшчэ не бачыў такой пароды (гэта быў мастыф), але размеры і раз'юшаны выгляд незнаёмага не збянтэжылі яго ні на адну хвіліну. Ён бачыў перад сабой не дрэва, не жалеза, а жывую істоту, на якой можна было спагнаць сваю ярасць. Заблішчэўшы клыкамі. ён скокнуў на мастыфа разадраў яму шыю. Мастыф затрос галавой і з хрыплым рыкам кінуўся на Белага Клыка. Але Белы Клык кідаўся з аднаго кутка ў другі, ухітраючыся выкруціцца і выслізнуць ад праціўніка, не перастаючы ўвесь час рваць яго клыкамі і зноў адскокваць убок, ухіляючыся ад удараў.