праціўляўся і адчуваў, як пашчэнкі бульдога, нібы жуючы яго скуру, перасоўваюцца ўсё вышэй і вышэй. З кожнай хвілінай яны набліжаліся да горла. Метад бульдога заключаўся ў тым, што, не паслабляючы сваёй хваткі, ён скарыстоўваў кожны выпадак і падбіраўся ўсё бліжэй і бліжэй да мэты. Яму ўдавалася рабіць гэта, калі Белы Клык ляжаў спакойна, але калі той пачынаў рвацца, Чэрокі здавальняўся тым, што сціскаў пашчэнкі і не паслабляў хваткі.
Белы Клык мог дастаць зубамі толькі масіўны загрывак Чэрокі. Ён учапіўся яму ў шыю, каля пляча, але метад, якім карыстаўся Чэрокі, быў незнаёмы Беламу Клыку, ды і пашчэнкі яго не былі прыстасаваны да такой хваткі. На працягу некалькіх хвілін ён сударгава кусаў і рваў шыю Чэрокі. Затым увага яго накіравалася на перамену, якая адбылася ў палажэнні іх цел. Чэрокі перакуліў Белага Клыка на спіну і, усё яшчэ не разнімаючы зубоў, ухітрыўся стаць над ім. Гелы Клык сагнуў заднія лапы і, як кошка, пачаў рваць кіпцюрамі свайго ворага. Чэрокі рызыкаваў астацца з распоратым брухам і выратаваўся толькі тым, што змяніў палажэнне, прыгнуўшы ўбок, пад прамым вуглом да Белага Клыка.
Вызваліцца ад яго хваткі было немагчыма. Яна скоўвала Белага Клыка. Зубы Чэрокі павольна перасоўваліся ўверх, удоўж шыйнай артэрыі. Белага Клыка выратоўвалі ад смерці толькі шырокія складкі скуры і густая шэрсць на шыі. Чэрокі забіў сабе ўсю пашчу скурай, у якой грузлі яго зубы. І ўсё-ж ён скарыстоўваў найменшую магчымасць, каб захапіць яе як мага больш. Белы Клык пачаў задыхацца. З кожнай хвілінай дыхаць яму рабілася ўсё цяжэй і цяжэй.
Барацьба, як відаць, набліжалася к канцу. Тыя, хто ставіў на Чэрокі, былі ў шаленстве ад захаплення і прапанавалі велізарнейшыя заклады. Прыхільнікі-ж Белага Клыка засумавалі і адмаўляліся паставіць дзесяць супроць аднаго і дваццаць супроць аднаго, хоць знайшоўся адзін, які не пабаяўся прыняць заклад у пяцьдзесят супроць аднаго. Гэта быў Прыгажун Сміт. Ён увайшоў у круг і, паказаўшы на Белага Клыка пальцам, пачаў пагардліва смяяцца над ім. Гэта зрабіла жадаемы эфект. Белы Клык прышоў у шаленства