— Тады я зламаю яму шыю, — адказаў Скот, не перастаючы ўсоўваць дула ў пашчу Чэрокі.
— Кажу вам, не зламайце яму зубоў! — яшчэ больш настойліва паўтарыў Тім Кінэн.
Але ўсе спробы застрашыць Скота не мелі поспеху.
Не спыняючы арудваць рэвальверам, ён падняў галаву і спакойна запытаў:
— Ваш сабака?
Тім Кінен прамармытаў нешта
— Тады разніміце яму зубы.
— Вось што, — са злосцю загаварыў Тім, — мая хата з краю. Чаму я павінен ведаць, што тут трэба зрабіць?
— Тады выносцеся, — сказаў Скот, — і не перашкаджайце мне. Я заняты.
Тім Кінен не адыходзіў, але Скот ужо не звяртаў на яго ніякай увагі. Ён ухітрыўся ўціснуць дула паміж зубамі з аднаго боку і цяпер стараўся прасунуць яго яшчэ далей.
Дабіўшыся гэтага, Скот пачаў паціханьку і асцярожна разнімаць пашчэнкі бульдога, а Мэт тым часам вызваляў з яго пашчы знявечаную шыю Белага Клыка.
— Трымайце свайго сабаку! — загадаў Скот Тіму.
Гаспадар Чэрокі паслухмяна нахіліўся і схапіў бульдога.
— Трымайце! — крыкнуў Скот, канчаткова разняўшы зубы Чэрокі.
Сабак расцягнулі ў розныя бакі. Бульдог страшэнна супраціўляўся.
— Забярыце яго, — загадаў Скот, і Тім Кінэн адцягнуў Чэрокі ў натоўп.
Белы Клык зрабіў некалькі дарэмных спроб устаць на ногі. Адзін раз яму ўдалося гэта, але аслабеўшыя ногі падагнуліся, і ён павольна паваліўся на снег. Яго поўзакрытыя вочы памутнелі ніжняя пашчэнка адвалілася, язык вываліўся. Здавалася, сабака канчаткова задыхнуўся. Мэт агледзеў яго.
— Ледзь жыве, — сказаў ён, — але дыхае ўсё-ж.
Прыгажун Сміт падняўся на ногі і падышоў глянуць на Белага Клыка.
— Мэт, колькі каштуе добры ездавы сабака? — запытаў Скот.
Не ўстаючы з кален, паганяты падумаў з хвіліну.
— Трыста долараў.
— Ну, а такі, на якім жывога месца не асталося?