Старонка:Liondan.Biely klyk.djvu/146

Гэта старонка была вычытаная

— Што гэта за птушка? — запытаў ён.

— Уідон Скот, — адказаў нехта.

— Які такі Уідон Скот?

— Ды інжынер з прыіскаў. Ён сярод тутэйшых заправіл свой чалавек. Запамятай маё слова: калі не хочаш нажыць непрыемнасцей, трымайся ад яго як мага далей. Яму сам начальнік прыіскаў прыяцель.

— Я адразу зразумеў, што гэта важная персона, — сказаў Тім Кінэн, — і не захацеў з ім звязвацца.

Раздзел пяты

НЕЎЦІХАМІРНЫ

— Безнадзейная справа! — сказаў Уідон Скот.

Ён апусціўся на прыступку і паглядзеў на паганятага, які з такім-жа безнадзейным выглядам паціснуў плячыма.

Абодва глянулі на Белага Клыка. Увесь натапырыўшыся і злосна рыкаючы, ён кідаўся на ланцугу, стараючыся дабрацца да сабак. Сабакі-ж, атрымаўшы даволі значную колькасць урокаў ад Мэта, узброенага ў дадатак палкай, навучыліся пакідаць Белага Клыка ў спакої. Цяпер яны ляжалі на досыць далёкай адлегласці і, здавалася, зусім забылі пра яго.

— Не, ваўка не прыручыш, — сказаў Уідон Скот.

— Ды хто яго ведае? — адказаў Мэт. — Можа быць, у ім ад сабакі больш, чым ад ваўка. Але ў чым я ўпэўнен, з таго мяне ўжо не саб'еш.

Паганяты замоўк і з таямнічым выглядам паківаў галавой у бок Ласінай гары.

— Ну, не прымушайце сябе прасіць, — рэзка сказаў Скот, пачакаўшы некаторы час, пакуль Мэт не загаворыць сам. — Кажыце, у чым справа?

Паганяты паказаў вялікім пальцам назад, у бок Белага Клыка.

— Воўк ён ці сабака — не ведаю, толькі яго ўжо прыручалі.

— Не можа быць!

— Я вам кажу — прыручалі. Ён ў запрэжцы хадзіў. Вось адзнакі на грудзях.

— Правільна, Мэт! Да таго як трапіць да Прыгажуна Сміта, ён быў ездавым сабакам.

— А чаму-б яму не зрабіцца зноў ездавым сабакам?