Уідон Скот усміхнуўся з выглядам перавагі, устаў і падышоў да Белага Клыка. Ён ласкава загаварыў з ім, але на гэты раз хутка замоўк, затым павольна пра: цягнуў руку, дакрануўся да сабакі і зноў пачаў гладзіць яго па галаве. Белы Клык цярпліва зносіў дакрананне, утаропіўшы вочы не на таго, хто лашчыў яго, а на Мэта, які стаяў у дзвярах дома.
— Можа быць, вы і першакласны інжынер, містэр Скот, — размаўляў далей паганяты, — але я лічу, вы шмат што ўпусцілі ў жыцці: вам-бы належала ў дзяцінстве з цыркам уцячы.
Белы Клык зарыкаў, пачуўшы голас Мэта, але ўжо не адскочыў ад рукі, якая ласкава гладзіла яго галаву і шыю.
І гэта было пачаткам канца ранейшага жыцця, канца панавання нянавісці. Для Белага Клыка пачыналася новае, няўцямна-прыгожае жыццё. Каб закончыць пачатую справу, Уідону Скоту трэба было прыкласці шмат розуму і цярпення. А Белы Клык павінен быў перамагчы загады інстынкта, пайсці наперакор уласнаму вопыту, адмовіцца ад усяго, чаму навучыла яго жыццё.
Жыццё, пражытае Белым Клыкам, Не толькі не ўмяшчала ўсяго новага, аб чым ён даведаўся цяпер, але ішло наперакор гэтай навізне. Карацей кажучы, ад Белага Клыка патрабавалася нявымерна большае уменне разбірацца ў навакольнай абстаноўцы, чым тое, з якім ён прышоў з Лясной Глушы і дабраахвотна падпарадкаваўся ўладзе Шэрага Бабра. У той час ён быў усяго толькі шчанюком, яшчэ не аформленым канчаткова, гатовым зрабіцца ўсім чым хочаце, у залежнасці ад акалічнасцей. Але цяпер усё пайшло інакш. Жыццё апрацавала Белага Клыка надта старанна, зрабіла з яго бязлітаснага лютага, неўціхамірнага Баявога Ваўка, які нікога не любіў і не карыстаўся нічыёй любоўю. Перарадзіцца — азначала адкінуць усё, да чаго Белы Клык паспеў прызвычаіцца, і гэта патрабавалася ад яго цяпер, калі маладосць была ў мінулым, калі гібкасць была страчана і мяккая ткань яго істоты набыла нязломную цвёрдасць, дух зрабіўся непадатлівым, як жалеза, а інстынкт выпрацаваў асцярожнасць, раз і назаўсёды устаноўленыя правілы паводзін, антыпатыі і жаданні.