Старонка:Liondan.Biely klyk.djvu/166

Гэта старонка была вычытаная

ходзілі, і мірную атмасферу дома парушылі мітусня і трывога. Усякія сумненні былі дарэмны. Белы Клык ужо даўно адчуваў бяду. Цяпер ён зразумеў, у чым справа. Яго бог зноў рыхтаваўся да ўцякання. Ужо калі ён не ўзяў з сабой Белага Клыка ў першы раз, то, напэўна, не возьме і цяпер.

Гэтай ноччу Белы Клык пачаў працягла па-воўчаму выць. Ён выў, ўзняўшы морду да абыякавых зорак, і выказваў ім сваё гора таксама, як у дзяцінстве, калі, прыбегшы з Лясной Глушы, ён не знайшоў пасёлка, а на тым месцы, дзе стаяў раней вігвам Шэрага Бабра, убачыў толькі кучу смецця.

У доме людзі толькі што ляглі спаць.

— Ён зноў перастаў есці, — сказаў са свайго ложка Мэт.

Уідон Скот прамармытаў нешта і заварочаўся над коўдрай.

— Мяркуючы па мінуламу разу, нічога дзіўнага не будзе, калі ён здохне цяпер.

Коўдра на другім ложку сярдзіта заварушылася.

— Ды замоўкніце вы! — крыкнуў у цемнаце Скот. — Прычапіліся горш бабы.

— Зусім правільна, — адказаў паганяты, і ў Скота не было цвёрдай упэўненасці ў тым, што той падсмейваецца над ім цішком.

На наступны дзень трывога і страх Белага Клыка толькі ўзмацнілася. Ён хадзіў за таспадаром па пятках, а калі Скот аставаўся дома, тырчэў на ганку. Праз адчыненыя дзверы ён бачыў рэчы, раскладзеныя на падлозе. Да чамадана далучыліся два вялікія парусінавыя мяшкі і скрыня. Мэт скруціў коўдры і футравае адзенне гаспадара і сунуў іх у маленькі парусінавы мяшок. Белы Клык заскуголіў, гледзячы на гэтыя падрыхтаванні.

Праз некаторы час з'явіліся двое індзейцаў. Белы Клык уважліва сачыў, як яны ўзвалілі рэчы на плечы і спусціліся з узгорку ўслед за Мэтам, які ўзяў чамадан і пасцель. Але Белы Клык не пабет з імі. Гаспадар усё яшчэ аставаўся ў доме. Неўзабаве Мэт вярнуўся. Гаспадар вышаў на ганак і паклікаў да сябе Белага Клыка.