Старонка:Liondan.Biely klyk.djvu/168

Гэта старонка была вычытаная

Скот кіўнуў галавой і запытаў:

— А заднія?

— Вядома, замкнуў! — з запалам адказаў Мэт.

Белы Клык з ліслівым выглядам прыціснуў вушы, але прадаўжаў сядзець у баку, не спрабуючы падыйсці. Прыдзецца забраць яго з сабой.

Мэт зрабіў два крокі ў кірунку да Белага Клыка, але той кінуўся ўбок. Паганяты кінуўся за ім, а Белы Клык праслізнуў паміж нагамі пасажыраў. Выкручванчыся, шныраючы з аднаго боку у другі, ён бегаў па палубе і не даваўся Мэту.

Але як толькі гаспадар загаварыў, Белы Клык пакорліва падышоў да яго.

— Столькі часу карміў яго, а ён мне цяпер у рукі не даецца, — з крыўдай прамармытаў паганяты. — А вы хоць-бы раз пакармілі з таго першага дня. — Забіце мяне — не ведаю, як ён здагадаўся, што гаспадар — вы.

Скот, які гладзіў Белага Клыка, раптам нахіліўся і паказаў на свежыя парэзы на яго мордзе і глыбокую рану паміж вачыма.

Мэт таксама нахіліўся і правёў рукой ла бруху Белага Клыка.

— А пра акно вось мы з вамі забылі. У яго ўсё бруха парэзанае. Мабыць, прама галавой уперад кінуўся.

Але Уідон Скот не слухаў яго. Ён хутка абдумваў нешта. «Аўрора» дала апошні гудок. Тыя, хто праводзілі, паспешна сходзілі на бераг. Мэт зняў хустку з шыі і хацеў быў узяць Белага Клыка на прывязь. Скот схапіў яго за руку.

— Бывайце, Мэт, дружышча! Вам, мабыць, не прыдзецца пісаць пра ваўка... я хачу...

— Што? — ускрыкнуў прыганяты. — Няўжо вы?..

— Вось іменна. Вазьміце сваю хустку. Я сам напішу вам пра ваўка.

Мэт затрымаўся на сходнях.

— Ён не перанясе клімату. Вам прыдзецца стрыгчы яго ў гарачыню.

Сходні ўцягнулі на палубу, і «Аўрора» адчаліла ад берагу. Уідон Скот памахаў на развітанне рукой. Затым ён павярнуўся да Белага Клыка, які стаяў побач.