маху кулём пакаціўся па зямлі. А калі ён ускочыў на ногі, выгляд яго быў страшны, вушы, прыціснутыя шчыльна да галавы, сударгава дрыжэўшыя губы і нос, клыкі, што ляснулі ў якім-небудзь дзюйме ад горла борзага.
Гаспадар кінуўся на дапамогу, але ён быў надта далёка ад іх, і выратавальнікам борзага аказалася Коллі. З'явіўшыся якраз у тую хвіліну, калі Белы Клык рыхтаваўся скочыць, яна не дазволіла яму нанесці смяртэльнага ўдару праціўніку. Коллі наляцела, як шквал. Пачуццё абражанай дастойнасці і злосць толькі распалілі ў аўчарцы нянавісць да гэтага грабежніка з лясной Глушы, які ўхітрыўся спрытным манеўрам ашукаць і абагнаць яе і ў дадатак выкуцаў у пяску. Яна кінулася на Белага Клыка пад прамым вуглом у той момант, калі ён скочыў да борзага, і ў другі раз зваліла яго з ног.
К гэтаму часу падышоў гаспадар, ён схапіў Белага Клыка, а яго бацька адклікаў сабак.
— Няма чаго казаць, добра прымаюць тут няшчаснага ваўка, які прыехаў з Палярнага Круга, — гаварыў Скот, супакойваючы Белага Клыка. — За ўсё сваё жыццё яго толькі раз збілі з ног, а тут яго перакулілі двойчы за якія-небудзь поўхвіліны.
Каляска ад'ехала, а з дому вышлі незнаёмыя багі. Некаторыя з іх спыніліся на значнай адлегласці ад таспадара, але дзве жанчыны падышлі і абнялі яго за шыю. Белы Клык пачынаў патроху прывыкаць да гэтага варожага жэсту. Ён не рабіў ніякай шкоды гаспадару, а ў словах, якія багі вымаўлялі пры гэтым, не адчувалася ніякай пагрозы. Незнаёмыя багі спрабавалі было падыйсці і да Белага Клыка, але ён засцерагальна рыкаў, а гаспадар пацвердзіў яго засцярогу словамі. Белы Клык ціснуўся да ног Скота, а той падбадзёрваў яго, ласкава гладзячы па галаве.
Па камандзе: «Дзік! На месца!», борзы падняўся па прыступках і ўлёгся на тэрасе, усё яшчэ бурчачы і не зводзячы сярдзітых вачэй з прышэльца. Адна з жанчын абняла Коллі за шыю і пачала лашчыць і гладзіць яе; але Коллі ніяк не магла супакоіцца і, абураная прысутнасцю ваўка, скуголіла, у поўнай упэўненасці, што багі робяць памылку, дапускаючы яго ў сваю кампанію