Біл скінуў яго руку.
— Досыць! — сказаў ён. — Больш яны ніводнага сабакі не атрымаюць!
Са стрэльбай у руцэ ён кінуўся ў хмызняк, што рос абапал дарогі. Яго намеры былі зусім ясныя. Прыняўшы сані за цэнтр крута, па якому бег сабака, Біл разлічваў перасячы яго паміж Аднавухім і яго праследавальнікамі. Сярод белага дня, маючы ў руках стрэльбу, адагнаць ваўкоў і выратаваць сабаку было зусім магчыма.
— Асцярожней, Біл! — крыкнуў яму наўздагон Генры. — Не рызыкуй дарэмна!
Генры сеў на сані і рашыў чакаць. Больш яму нічога не аставалася рабіць. Біл ужо знік з вачэй; у кустах і сярод растучых кучкамі хвоек то з'яўляўся, то зноў знікаў Аднавухі. Генры зразумеў, што становішча сабакі безнадзейнае. Ён вельмі добра разумеў небяспеку, але яму прыходзілася бегчы па знешняму кругу, тады як стая ваўкоў імчалася па ўнутранаму, і больш вузкаму. Нельга было і думаць, што Аднавухі здолее настолькі выперадзіць сваіх праследавальнікаў, каб перасячы іх дарогу і дабрацца да саней. Абедзве лініі кожную хвіліну маглі сустрэцца. Генры ведаў, што дзесьці там, у снягах, заслоненыя ад яго дрэвамі і зараснікам, у адным пункце павінны сыйсціся стая ваўкоў, Аднавухі і Біл.
Усё адбылося хутка, значна хутчэй, чым ён чакаў. Пачуўся стрэл, потым яшчэ два, адзін за адным, — Генры зразумеў, што зарады ў Біла вышлі. Услед за гэтым даляцелі моцны роў і віск. Генры адрозніў голас сабакі, якая завыла ад болю і жаху, і выццё раненага, як відаць, ваўка.
І ўсё. Выццё сціхла. Віск спыніўся. Над пустыняй зноў навісла цішыня.
Генры доўга сядзеў на санях. Яму не было чаго ісці туды. Усё было ясна, як быццам сустрэча Біла са стаяй адбылася ў яго на вачах. Толькі адзін раз ён ускочыў з месца і таропка выцягнуў з-пад саней сякеру; але затым зноў апусціўся насі і доўга сядзеў нахмурыўшыся, а два ўцалеўшыя сабакі ціснуліся да яго ног і дрыжэлі ад страху.