мацца ад яе як мага далей. Гаспадар падштурхнуў да яго нагой поўзаўшага па траве шчанюка. Белы Клык натапырыўся, але гаспадар супакоіў яго. Коллі, якую стрымлівала адна з жанчын, не зводзіла з яго настарожаных вачэй і рыкам папярэджвала, што супакойвацца яшчэ рана.
Шчанюк падпоўз да Белага Клыка. Той натапырыу вушы і з цікаўнасцю агледзеў яго. Затым яны дакрануліся адзін да аднаго насамі, і Белы Клык адчуў, як цёплы язычок шчанюка лізнуў яго ў шчаку. Сам не ведаючы, чаму так здарылася, ён высунуў язык і аблізаў шчанюку мордачку.
Багі сустрэлі гэта апладысментамі і крыкамі захаплення. Белы Клык здзівіўся і з недаўменнем паглядзеў на іх. Затым на яго зноў напала слабасць; апусціўшыся на зямлю, ён натапырыў вушы і, паглядаючы на шчанюка, нахіліў галаву набок. Астатнія шчанюкі таксама падпаўзлі бліжэй на вялікае нездавальненне Коллі, і Белы Клык з важным выглядам дазваляў ім узбірацца на сябе і скочвацца на траву.
Апладысменты спачатку прымусілі яго адчуць ранейшую няёмкасць. Але неўзабаве гэта прайшло. Шчанюкі прадаўжалі сваю вазню, а Белы Клык, які цярпліва ляжаў, прыгрэты сонцам, і, прыплюшчыўшы вочы, павольна пачынаў драмаць.