Старонка:Liondan.Biely klyk.djvu/23

Гэта старонка была вычытаная

яго. Машынальна, не выпускаючы галавешкі з рук, ён ткнуў ёю ў вышчараную пашчу ваўчыцы. Яна адскочыла назад, выючы ад болю, а Генры з асалодай удыхаў пах смаленай шэрсці і гарэлага мяса, гледзячы, як звер трасе талавой і злосна рыкае ўжо ў некалькіх футах ад яго.

Але на гэты раз, перш чым заснуць, ён прывязаў да правай рукі тлеючы хваёвы сучок. Ледзь толькі Генры заплюшчыў вочы, як боль ад апечаных месц прымушаў яго прачнуцца. Так прадаўжалася некалькі гадзін. Прачынаючыся, ён адганяў ваўкоў палаючымі галавешкамі, падкідаў у агонь галля і зноў прыладжваў сучок на руку. Усё ішло добра; але ў адно з такіх прачынанняў Генры дрэнна прывязаў сучок, і як толькі вочы яго заплюшчыліся, ён выпаў у яго з рукі.

Яму сніўся сон. Форт Мак-Гэры. Цёпла. Утульна. Ён гуляе ў крыбэдж з начальнікам факторыі. І яму сніцца, што ваўкі асаджаюць форт. Ваўкі выюць ля самых варот, і яны з начальнікам часамі адрываюцца ад гульні, каб прыслухацца да выцця і пасмяяцца над дарэмнымі намаганнямі ваўкоў пранікнуць унутр форта. Потым — які дзіўны сон яму сніўся! — пачуўся трэск. Дзверы расчыніліся насцеж. Ваўкі ўбеглі ў пакой. Яны кінуліся на яго і на начальніка. Як толькі дзверы расчыніліся, выццё стала нясцерпна моцным і трывожыла яго. Сон прымаў нейкія іншыя абрысы, Генры не мог яшчэ зразумець — якія, але выццё не спынялася ні на адну хвіліну.

А потым ён прачнуўся і пачуў выццё ужо наяве. Навакол панаваў аглушальны рык брэх. Ваўкі кінуліся на Генры. Усе яны былі тут — каля яго, над ім. Нечыя зубы ўеліся яму ў руку. Інстыктыўна ён ускочыў у агонь і, прыгаючы, адчуў, як вострыя зубы разанулі яго па назе. І вось пачалася барацьба агнём. Тоўстыя рукавіцы абаранялі яго рукі ад агню, ён поўнымі жменямі раскідваў ва ўсе бакі палаючае вугалле, і касцёр стаў пад канец чымсьці накшталт вулкана.

Але гэта не магло працягвацца доўга. Твар у Генры пакрыўся пузырамі, брові і расніцы былі абсмаленыя, і гарачыня рабілася нясцерпнай. Схапіўшы ў кожную