руку па галавешцы, ён скочыў бліжэй да краю агню. Ваўкі адступілі. Па абодвух баках, усюды, куды толькі падала палаючае вугаллё, сіпеў снег, і па велізарных прыжках, фырканню і рыку якога-небудзь адступаючага ваўка можна было здагадацца, што ён наступіў на вугаль.
Раскідаўшы галавешкі, чалавек скінуў тлеючыя рукавіцы і пачаў таптаць па снезе нагамі, каб ахаладзіць іх. Абодва сабакі зніклі, і ён вельмі добра ведаў, што яны з'явіліся чарговай стравай на тым прыпозненым балю, які пачаўся з Фэці і ў адзін з бліжэйшых дзён, можа быць, закончыцца ім самім.
— А ўсё-ж вы яшчэ не дабраліся да мяне! — крыкнуў ён, з лютай злосцю пагразіўшы кулаком галодным звярам.
Пачуўшы яго голас, уся стая ўстрывожылася, зарыкала, а ваўчыца падкралася яшчэ бліжэй і ўтаропіла на яго тужлівыя, галодныя вочы.
Генры пачаў абдумваць новую мысль, якая прышла яму ў галаву. Расклаўшы агонь шырокім кальцом, ён кінуў на талы снег сваю пасцель і сеў на ёй унутры гэтага кальца. Як толькі чалавек схаваўся за вогненнай агарожай, уся зграя з цікаўнасцю акружыла агонь, каб паглядзець, куды ён дзяваўся. Да гэтага часу ім не было доступу да агню, а цяпер яны ўселіся вакол яго цесным кругам і, як сабакі, жмурыліся, пазяхалі і пацягваліся ў непрывычным для іх цяпле. Потым ваўчыца села, узняла морду да зорак і пачала выць. Ваўкі адзін за адным падцягвалі ёй, і, нарэшце, уся зграя села на заднія лапы і, узняўшы морды да неба, зацягнула песню голаду.
Пачало світаць, потым надышоў дзень. Агонь дагараў. Галлё ўсё выходзіла, трэба было аднавіць запас. Чалавек паспрабаваў выйсці за межы вогненнага кальца, але ваўкі кінуліся яму насустрач. Палаючыя галавешкі прымушалі іх адскакваць у бакі, але назад яны ўжо не ўцякалі. Дарэмна стараўся Генры прагнаць іх. Пераканаўшыся, нарэшце, у безнадзейнасці гэтай спробы, ён адступіў унутр палаючага кальца, і ў гэты час воўк прыгнуў на яго, але прамахнуўся і ўсімі чатырма лапамі папаў у агонь. Выючы і рыкаючы ад страху, звер адпоўз ад агню, каб астудзіць на снезе апечаныя лапы.