Старонка:Liondan.Biely klyk.djvu/28

Гэта старонка не была вычытаная

ЧАСТКА ДРУГАЯ

Раздзел першы

БІТВА КЛЫКОЎ

Ваўчыца першая пачула гукі чалавечых галасоў і скавытанне ездавых сабак, і яна-ж першая адскочыла ад чалавека, загнанага ў круг патухаючага агню. Неахвотна расстаючыся з ужо злоўленай здабычай, стая памарудзіла некалькі хвілін, прыслухоўваючыся, а потым кінулася па следу ваўчыцы.

На чале стаі бег вялікі шэры воўк, адзін з яе важакоў. Ён і накіраваў стаю па пятах ваўчыцы, засцерагаюча выскаляючыся на больш маладых членаў стаі і адганяючы іх ударамі клыкоў, калі тыя асмельваліся забягаць наперад. І гэта ён прыбавіў ходу, угледзеўшы ўперадзе ваўчыцу, павольнай рысцой бегшую па снезе.

Ваўчыца пабегла побач з ім, як быццам месца гэтае было прызначана для яе, і ужо больш не аддалялася ад стаі. Важак не рыкаў і не вышчараў зубоў на ваўчыцу, калі выпадковы прыжок выносіў яе наперад. Наадварот, ён, як відаць, быў вельмі прыхільны да яе, — з яе пункту гледжання нават вельмі прыхільны, таму што стараўся ўвесь час бегчы побач, і калі ён падбягаў вельмі блізка, то сама ваўчыца рыкала і вышчарала зубы. Часам яна не спынялася нават і перад тым, каб куснуць яго за плячо. У такіх выпадках важак зусім не выказваў злосці, а толькі адскакваў убок і рабіў некалькі нязграбных прыжкоў уперад, усім сваім выглядам і паводзінамі нагадваючы збянтэжа-