другі бок не выказваў ні радасці пры сустрэчы, ні прыязных пачуццяў, ні жадання зноў сабрацца ў стаю Сустракаліся ім і адзінокія ваўкі. Гэта заўсёды бывалі самцы, якія стараліся як-небудзь далучыцца да Аднавокага і яго падругі. Але Аднавокі не дапускаў гэтага, і варта было толькі ваўчыцы стаць побач з ім, натапырыцца і ашчэрыць зубы, як навязчывыя ваўкі адыходзілі, адступалі і зноў пускаліся ў свой адзінокі шлях.
Неяк аднаго разу, калі яны беглі месячнай ноччу па заціхшаму лесу, Аднавокі раптам спыніўся. Ён узняў кверху морду, выпраміў хвост і, раздуўшы ноздры, пачаў нюхаць паветра. Потым падняў пярэднюю лапу, як сабака на стойцы. Ён быў устрывожа і не спыняў унюхвацца, стараючыся разгадаць вестку, якая неслася па паветры. Ваўчыцы досыць было толькі раз пацягнуць носам, і яна пабегла далей, падбадзёрваючы свайго спадарожніка. Устрывожаны, ён усё-ж пайшоў за ваўчыцай, але ўвесь час спыняўся, каб распазнаць засцярогу, якая неслася па ветры.
Асцярожна ступаючы, ваўчыца вышла з-за дрэў на вялікую паляну. Некалькі хвілін яна стаяла там адна. Потым, увесь настаражыўшыся, кожным сваім валаском выдзяляючы бязмежнае недавер'е, да яе падпоўз Аднавокі. Яны сталі побач, не спыняючы прыслухоўвацца, узірацца, нюхаць паветра.
Да іх вушэй данесліся гукі сабачай грызні і бойкі, гартанныя крыкі мужчын, прарэзлівыя галасы жанчын, якія лаяліся, і нават тонкі жаласны плач дзіцяці. За выключэннем вялікіх, абцягнутых скурай палатак, цяжка было разгледзець што-небудзь, апрача полымя агню, якое ўвесь час засланялі чалавечыя фігуры, Дыму, які павольна паднімаўся ў спакойным паветры. Але да ноздра ваўкоў даносіліся тысячы пахаў індзейскага пасёлка, якія гаварылі аб рэчах, зусім незразумелых Аднавокаму і знаёмых ваўчыцы да найменшых падрабязнасцей. Ваўчыцу ахапіў дзіўны непакой, і яна ўвесь час прынюхвалася ўсё з большай і большай асалодай. Але Аднавокі ўсё яшчэ сумняваўся. Ён пусціўся было бегчы і выдаў гэтым сваю баязлівасць. Ваўчыца павярнулася, ткнула яго мордай у шыю, нібы супакойваючы, потым зноў пачала глядзець на пасёлак. У вачах яе засвяціўся сум, але гэта ўжо не быў