сум, народжаны голадам. Яна дрыжэла ад ахапіўшага яе жадання спусціцца туды, падыйсці бліжэй да агню, умяшацца ў сабачую тузаніну, увінацца і адскокваць ад неасцярожных крокаў людзей.
Аднавокі нецярпліва таптаўся каля яе; ранейшы непакой вярнуўся да ваўчыцы, яна зноў адчула непераможную патрэбу знайсці тое, што яна так доўга шукала. Яна павярнулася і, на вялікую радасць Аднавокага, які бег крыху наперадзе яе, накіравалася ў лес, пад прыкрыццё дрэў. Бясшумна, як цені, плывучы ў асветленым месяцам лесе, яны натрапілі на след. Абодва ваўкі ўткнуліся насамі ў снег. Сляды былі зусім свежыя. Аднавокі асцярожна рухаўся наперад, а яго таварышка ішла за ім па пятах. Іх шырокія лапы з мяккімі падушкамі, як аксаміт, слізгалі па снезе. Раптам Аднавокі ўбачыў нейкую рэч, якая невыразна бялела на белай снежнай прасторы. Лёгкі слізгаючы поступ Аднавокага і раней здаваўся быстрым, але яго нельга было і параўноўваць з той быстрынёй, з якой ён імчаўся цяпер. Уперадзе яго скакала нейкая няясная белая пляма. Ваўкі беглі па вузкай прагаліне, акружанай па абодвух баках зараснікам маладых хвоек. Праз дрэвы быў відаць канец прагаліны, якая выходзіла на залітую месяцам паляну. Стары воўк наганяў мільгаючую перад ім белую плямку. Кожны яго прыжок скарачаў адлегласць паміж імі. Вось яна ужо зусім блізка. Яшчэ адзін прыжок — і зубы ваўка ўчэпяцца ў яе. Але прыжок гэты так і не адбыўся. Белая плямка, якая аказалася трусом, узнялася высока ў паветры прама над галавой Аднавокага і пачала падскокваць і гойдацца там наверсе, не датыкаючыся зямлі, як быццам танцуючы нейкі фантастычны танец.
Палахліва фыркнуўшы, Аднавокі адскочыў назад і, прыпаўшы на снег, грозна зарыкаў на гэтую страшную і незразумелую рэч. Але ваўчыца зусім спакойна абышла яе, з хвіліну прымервалася да прыжка, а потым падскочыла, каб схапіць тандуючага труса. Яна высока ўзнялася ў паветры, але не даскочыла да дзічыны і толькі ляснула зубамі. Ваўчыца падскочыла ў другі і ў трэці раз. Аднавокі, павольна выпрастаўшыся, назіраў за ваўчыцай. Нарэшце, яе промахі раззлавалі ваўка, ён сам зрабіў магутны прыжок і, ухапіўшы труса зубамі, апусціўся на зямлю разам з ім.