Старонка:Liondan.Biely klyk.djvu/45

Гэта старонка была вычытаная

зубы і пабег удоўж ручая, цягнучы дзікабраза за сабой і павярнуўшы галаву ўбок, каб не наступіць на калючыя іголкі. Потым Аднавокі ўспомніў нешта, кінуу сваю ношу і вярнуўся да таго месца, дзе ляжала курапатка. Ён не хістаўся ні адной хвіліны. Ён ведаў, што трэба зрабіць: трэба з'есці курапатку. Затым Аднавокі пабег назад і падняў сваю ношу.

Калі ён уцягнуў здабычу ў логава, ваўчыца агледзела яе, павярнула да ваўка галаву і злёгку лізнула яго ў шыю. Але зараз-жа услед за гэтым яна зарыкала, адганяючы яго ад ваўчанят; праўда, на гэты раз рыканне было ужо не такім злосным, у ім чулася хутчэй перапрашванне, чым пагроза. Інстынктыўны страх перад бацькам яе патомства паступова прападаў. Аднавокі трымаў сябе, як і належыла ваўку-бацьку, і не выказваў беззаконнага жадання сажраць малышоў, выведзеных ёю на свет.

Раздзел трэці

ШЭРЫ ВАЎЧОК

Ён не быў падобны на сваіх сясцёр і братоў. Іх шэрсць ужо набывала рыжаватае адценне, атрыманае у спадчыну ад маці-ваўчыцы, у той час, як ён увесь удаўся ў бацьку. Ён быў адзіным шэрым ваўчком ва ўсім плодзе. Ён нарадзіўся сапраўдным ваўком і вельмі нагадваў Аднавокага, з той толькі розніцай, што ў яго былі два вокі, а ў бацькі-адно. Вочы ў шэрага ваўчка толькі нядаўна расплюшчыліся, а ён ужо ясна бачыў імі. І нават калі вочы яго былі яшчэ заплюшчаныя, ён адрозніваў рэчы па смаку, паху і навобмацак. Ён вельмі добра ведаў сваіх двух братоў і двух сясцёр. Ён падымаў з імі нязграбную вазьню, якая часамі пераходзіла ў бойку, і злаваў, і яго тонкае горла пачынала дрыжэць ад пацешных хрыплых гукаў, прадвеснікаў рыкання. Задоўга да таго як у ваўка расплюшчыліся вочы, ён навучыўся па датыканню і паху, смаку пазнаваць ваўчыцу-крыніцу цяпла, вадкай ежы і пяшчотнасці. і калі яна сваім мяккім, ласкаючым языком дакраналася далікатнага цельца ваўчка, ён супакойваўся, прытуляўся да маткі і спакойна засынаў.

Першы месяц яго жыцця амаль увесь прайшоў у та-