— Паслухай, Генры, чаму сабакі не накінуліся на таго — прышлага, якому таксама дасталася рыбіна? Вось што мяне непакоіць.
— Ты занадта ўжо непакоішся, Біл, — пачуўся сонны адказ.-Раней з табой гэтага не было. Пакінь балбатаць, засні, а раніцой устанеш як ні ў чым не бывала. Пякотка ў цябе, таму ты і непакоішся.
Яны спалі, адзін каля аднаго, пад агульнай коудрай, цяжка дыхаючы. Агонь патух, і круг вогненных вачэй, які ачапіў стаянку, змыкаўся ўсё цясней і цясней.
Сабакі у страху збіліся кучай і раз-по-раз пагражаюча раўлі, калі якая-небудзь пара вачэй падбіралася занадта блізка. Аднаго разу яны зарыкалі так моцна, што Біл прачнуўся. Ён асцярожна вылез з-пад коўдры, каб не разбудзіць таварыша, і падкінуў у агонь галля. Агонь шугнуў, і кальцо вачэй падалося назад.
Выпадкова Біл зірнуў на сабак, якія збіліся ў кучу. Ён працёр вочы і ўгледзеўся больш уважліва. Потым зноў палез пад коўдру.
— Генры! — паклікаў ён таварыша. — Генры!
Генры застагнаў, прачынаючыся, і запытаў:
— Што здарылася?
— Нічога, — пачуў ён, — толькі іх зноў сем. Я зараз пералічыў.
Генры сустрэў гэтае паведамленне бурчэннем, якое зараз-жа перайшло ў храпенне, — ён зноў заснуў.
Раніцой Генры прачнуўся першым і падняў таварыша з пасцелі. Да світання аставалася яшчэ гадзін са тры, хоць было ўжо шэсць гадзін раніцы. Генры ў цемнаце пачаў гатаваць снеданне, а Біл скруціў коўдры і пачаў укладваць сані.
— Паслухай, Генры, — запытаў ён раптам, — колькі, ты гаворыш, у нас было сабак?
— Шэсць.
— Няправільна! — заявіў ён радасна.
— Зноў сем? — запытаў Генры.
— Не, пяць. Адзін знік.
— Што за д'ябал! — крыкнуў разлютаваны Генры і, кінуўшы гатаваць, падышоў пералічыць сабак
— Правільна, Біл, — сказаў ён. — Фэці ўцёк.
— Куляй паімчаўся. Ідзі, знайдзі яго цяпер.