Старонка:Liondan.Biely klyk.djvu/61

Гэта старонка была вычытаная

Маці радавалася яшчэ больш, чым сын. Яна лёганька падкідвала яго носам, пяшчотна залізвала раны, зробленыя зубамі ласкі.. А затым матка і дзяцёныш падзялілі паміж сабой крывяпіўцу-ласку, з'елі яе, вярнуліся ў пячору і заснулі.

Раздзел пяты

ЗАКОН ЗДАБЫЧЫ

Развіццё ваўчка ішло са здзіўляючай хуткасцю. Дні два ён адпачываў, а затым зноў вышаў з пячоры. У гэтае сваё падарожжа ён знайшоў маладую ласку, матка якой была зедзена пры яго дапамозе, і паклапаціўся, каб дзяцёныш адправіўся ўслед за маткаю. На гэты раз ён ужо не блукаў. Замарыўшыся, ён знайшоў дарогу да пячоры і лёг спаць. Пасля гэтага ваўчок кожны дзень адпраўляўся на прагулку і з кожным разам заходзіў усё далей і далей.

Ён прывык дакладна суразмяраць сваю сілу і слабасць, разумеў, калі трэба было выявіць адвагу, а калі — асцярожнасць. Выявілася, што асцярожнасць трэба захоўваць заўсёды, за выключэннем тых рэдкіх момантаў, калі ўпэўненасць ва ўласных сілах дазваляе даць волю злосці і прагнасці.

Варта было ваўчку наскочыць на курапатку, якая зазявалася, і ён рабіўся злосным, як чорт. Таксама не выпускаў ён выпадку злосна зарыкаць на траскатню вавёркі, на якую ён натрапіў упершыню каля засохшай хвоі. і адзін толькі выгляд птушкі, якая дзеўбанула яго тады ў нос, амаль нязменна выклікаў у ім шаленства.

Але былі хвіліны, калі ваўчок не звяртаў увагі нават на гэтую птушку, і гэта здаралася ў той час, калі ён адчуваў, што яму пагражае напад іншых драпежнікаў, якія, таксама як і ён, рыскаюць у пошуках мяса. Ваўчок не забыў ястраба і, убачыўшы яго цень, слізгаючы па траве, хаваўся як мага далей у кусты. Лапы яго больш не раз'язджаліся нахаду ў розныя бакі, — ваўчок ужо пераняў ад маткі яе лёгкую бясшумную хаду, абманлівая хуткасць якой была непрыкметна для вока!

Што датычыцца дзічыны, то удачы яго скончыліся з першым-жа днём. Сем птушанят курапаткі і маленькая ласка — вось і ўся здабыча ваўчка. Але жаданне забіваць мацнела ў ім з кожным днём, і ваўчок песціў мару