Старонка:Liondan.Biely klyk.djvu/70

Гэта старонка была вычытаная

супроць такога становішча. Ён не мог абараніцца. Белы Клык ведаў, што калі гэты чалавек захоча прынесці яму боль, ён не здолее абараніцца. Хіба можна адскочыць убок, калі ўсе чатыры нагі целяпаюцца ў паветры? І ўсё-ж пакорлівасць прымусіла ваўчка падавіць пачуццё страху, і ён абмяжоўваўся ціхім бурчэннем. Бурчэнне вырывалася міма яго волі, але чалавек не раззлаваўся і не ўдарыў яго па галаве. І як гэта ні дзіўна, але Белы Клык адчуваў нейкую невытлумачальную прыемнасць, калі рука гладзіла яго па шэрсці ўзад і ўперад. Перавярнуўшыся на бок, ён перастаў бурчэць; а калі пальцы пачалі скрабсці і чухаць у яго за вухам, прыемнае адчуванне толькі ўзмацнілася. І калі, нарэшце, чалавек пагладзіў яго ў апошні раз і адышоў, страх канчаткова пакінуў Белага Клыка. Яму яшчэ ўперадзе не адзін раз суджана было адчуць страх перад чалавекам, але пачатак прыяцельскіх адносін паміж імі быў пакладзен у гэтыя хвіліны.

Праз некаторы час Белы Клык пачуу набліжэнне нейкіх дзіўных гукаў. Ён хутка здагадаўся, што гукі гэтыя далятаюць ад людзей. Праз некалькі хвілін на сцежку чарадой вышла астатняя частка племені, якое перавандроўвала на другое месца. Іх было чалавек сорак-мужчын, жанчын, дзяцей, якія згіналіся пад цяжарам лагернага скарбу. Апрача таго, з імі ішло шмат сабак; і ўсе сабакі, за выключэннем шчанят, таксама былі нагружаны рознай паклажай. Кожны сабака нёс на спіне мяшок з рэчамі, фунтаў у дваццацьтрыццаць вагой.

Белы Клык ніколі яшчэ не бачыў сабак, але адразу адчуў, што яны мала чым адрозніваюцца ад яго ўласнай пароды. Убачыўшы ваўчка і яго матку, сабакі зараз-жа даказалі, як невяліка гэтая розніца. Адбылася бойка. Увесь натапырыўшыся, Белы Клык рыкаў і агрызаўся на абступіўшыя яго з усіх бакоў раззяўленыя сабачыя пашчы; сабакі збілі ваўчка з ног, але ён не перастаў кусаць рваць іх за лапы і за жываты, адчуваючы ў той-жа час, як сабачыя зубы ўядаюцца яму ў цела. Падняўся няўяўны шум. Ваўчок чуу рык Кіч, якая кінулася яму на падмогу, чуў крыкі людзей, удары палак і віск сабак, якім даставаліся гэтыя ўдары.