забыць Лясную Глуш. Бывалі дні, калі ён выходзіў на ўскрай лесу і стаяў там, прыслухоўваючыся да заклікаў, якія вабілі яго ўдалечыню. І заўсёды ў такіх выпадках ён варочаўся непакойным і ўстрывожаным і, жаласліва і ціха вішчучы, клаўся побач з Кіч і лізаў ёй морду сваім хуткім, дапытлівым язычком.
Белы Клык хутка вывучыў лагернае жыццё. Ён пазнаёміўся з несправядлівасцю і прагнасцю дарослых сабак у час раздачы мяса і рыбы. Яму прышлося пераканацца ў тым, што мужчыны справядлівыя, дзеці бязлітасныя, а жанчыны добрыя, і ад іх хутчэй, чым ад іншых, можна атрымаць кавалак мяса ці костку. А пасля двух ці трох сутычак з маткамі шчанюкоў Белы Клык зразумеў, што матак лепш пакідаць у спакоі, лепш унікаць сустрэч з імі і трымацца ад іх як мага далей.
Але больш за ўсіх яму атручваў жыццё ўсё-ж Ліп-Ліп. Ён быў старэйшы і дужэйшы за ваўчка. Белы Клык біўся досыць ахвотна, але заўсёды ён быў пераможаны. Праціўнік быў занадта вялікі для яго. Ліп-ліп праследаваў сваю афяру, як кашмар. Варта было Беламу Клыку адыйсці ад маткі, забіяка быў тут як тут, не адыходзіў ад яго ні на крок, рыкаў, прычэпліваўся да яго і ніколі не выпускаў выпадку кінуцца на Белага Клыка і выклікаць яго на бойку, калі паблізу не было людзей. Гэтыя сутычкі прыносілі Ліп-Ліпу велізарную прыемнасць, таму што ён заўсёды выходзіў з іх пераможцам. Але тое, што было для яго самай вялікай асалодай у жыцці, прыносіла Беламу Клыку толькі адны пакуты.
Аднак, запалохаць Белага Клыка было не так лёгка. Ён цярпеў паражэнні, але ў душы ніяк не мог прымірыцца. І ўсё-ж гэтая вечная варожасць пачынала адбівацца на яго характары. Ён зрабіўся злосным і панурым. Лютасць была ўласціва яго пародзе, — бясконцыя праследаванні яшчэ больш злосным рабілі ваўчка... Тое, што было ў ім дабрадушнага, гуллівага, шчанячага, не знаходзіла сабе выхаду.
Ён ніколі не гуляў і не вазіўся з іншымі шчанюкамі. Ліп-Ліп не дапускаў гэтага. Варта было Беламу Клыку з'явіцца сярод іх, як Ліп-Ліп налятаў на яго, пачынаў