Старонка:Liondan.Biely klyk.djvu/8

Гэта старонка была вычытаная

прыцягнулі да сябе гук удару, вытук Біла і прарэзлівы віск сабак. Ён выпрастаўся і паспеў толькі разгледзець няясныя абрысы звера, які праімчаўся па снезе і знік у цемнаце. Потым Генры заўважыў Біла, які стаяў ні то з урачыстым, ні то з прыгнечаным выглядам сярод сабак, з палкай у адной руцэ і з хвастом вяленага лося у другой.

— Палову ўсё-ж сцягнуў, — сказаў ён. — Затое я ўсыпаў яму як належыць! Чуў, як заскавытаў?

— А хто гэта быў? — запытаў Генры.

— Не разабраў. Магу толькі сказаць, што ногі, і пашча, і скура ў яго ёсць, як ва ўсякага сабакі.

— Ручны воўк, ці што?

— Воўк ці не воўк, толькі, напэўна, здорава ручны, калі з'яўляецца проста да кармлення і хапае рыбу.

Гэтай ноччу, пасля вячэры, калі яны сядзелі на доўгай скрыні, курачы люльку, круг вогненных вачэй звузіўся яшчэ больш.

— Хоць-бы яны стада ласёў дзе-небудзь узагналі, пакінулі-б нас у спакоі, — сказаў Біл.

Генры прамармытаў штосьці не зусім ветлівае, і хв лін пятнаццаць яны сядзелі моўчкі: Генры — утаропіўшы вочы на агонь, а Біл — на круг вогненных вачэй, які свяціўся ў цемнаце зусім блізка ад агню.

— Добра было-б зараз падкаціць да Мак-Гэры... — зноў пачаў Біл.

— Ды кінь ты сваё «добра было-б», пакінь каркаць, — не вытрымаў Генры. — Пякотка ў цябе, вось ты і скуліш. Выпі соды — адразу палягчэе, і мне з табой весялей будзе.

Раніцой Генры разбудзіла страшэнная лаянка. Ён падняўся на локці і ўбачыў Біла, які стаяў сярод сабак ля запаленага кастра. Ён шалёна махаў рукамі, са скажоным ад лютай злосці тварам.

— Хэло! — крыкнуў Генры. — Што здарылася?

— Фрог уцёк, — пачуў ён у адказ.

— Быць не можа!

— Кажу табе ўцёк.

Генры выскачыў з-пад коўдры і кінуўся да сабак. Уважліва пералічыўшы іх, ён далучыў свой голас да праклёнаў, якія яго таварыш пасылаў па адрасу ўсясільнай Паўночнай Пустыні, якая адабрала ў іх яшчэ аднаго сабаку.