Старонка праверана
ІДЗІ!
Стаміўся ты, дружа, знямог
І выбіўся з сіл.
Ты шмат перамерыў дарог
Між пустак, магіл.
Ішлі поруч ночы і дні,
Шумелі вятры,
І вабілі зорак агні
І лесу шатры.
І песні ліліся вакруг,
Разносячы сум,
І сам, ты, закуты ў ланцуг,
Піў сок горкіх дум.
Снаваліся мары і сны
І ткаліся ў ткань, —
Прывабныя чары вясны
Ў юнацкую рань…
Прайшоў ты вялікі разлог —
Прысядзь, адпачынь:
Наперадзе многа дарог
І шмат далячынь.