Гэта старонка была вычытаная
НА ЗАХАД
Апала заслона мядзяная хмар,
На захад плывуць іх клубы,
А я пазіраю ў знямелы абшар,
А ў сэрцы так многа журбы!
Вандроўніцы хмары,
Нябёсаў украсы!
Зрадніўся я з вамі
Ў далёкія часы.
На ветравы крыллі паслаўшы руно,
Здаецца, замлелі яны,
Як мара, як сон той, што сніўся даўно
У досвітак ранняй вясны.
Клубястыя хмары,
Куды вы плывеце?
Ой, многа вам, многа
Прастору на свеце!
Стаю, пазіраю ў блакітны разлог,
І колькі там дум паўстае!
Чаруюць і вабяць прасторы дарог
На захад, дзе межы мае.