Гэта старонка была вычытаная
НА РОСТАНЯХ
Шмат напісаць мне аб чым трэба,
Душа-ж мая жыве адным:
Схавала радасць маю глеба
Пад ціхім крыжам дзервяным,
І дзе знайсці мне тыя словы,
Каб выказаць жальбу маю!
Мне не стае душы паловы,
Свой боль я ў сэрцы затаю.
І буду думаць у тым болю,
Сум абыймаючы вакруг,
Што я не ўбачу больш ніколі
Цябе, мой лепшы ў свеце друг!
Было-б лягчэй мне, каб я ведаў,
Што жаль мой дойдзе да цябе,
Але не знойдзе к табе следу
Мая туга нідзе, нідзе!
Апошні міг. Труна раскрыта.
Халодны дождж пайшоў гусцей,
А ў кусціку, расой абмытым,
Свой гімн табе спеў салавей.
17/VI-1945 г.