Зарубу: я ўкраў дубок! Тут Андрэй злажыў на крыж пальцы і пацалаваў іх.
— Пакарай мяне Бог, калі я за згодай Максіма высек гэты дубок.
Лясьнічы, вытрашчыўшы вочы, пазіраў на Андрэя. Пажваўшы сківіцамі—такі быў звычай у старога пана жваць сківіцамі прад тым, як гаварыць,—ён сказаў:
— А заўважай, небарачэ: ты гаворыш—дуб высек?
— Я, я, паночку!
— Гм! то якіж бы ты быў гаспадар, каб не краў у лесі—спытаў лясьнічы.
— Панок, залаценькі! Даруй, панок, Максіму! Я вінават, — штрафуйце, судзіце мяне. За што-ж будзе нявінны чэлавек цярпець?
— Табе Максім не сваяк?
— Не, панок, ня свой.
— То мусі быць, ён цябе падгадзіў?
— Панок, грэх гаварыць гэта! Максім нічога ня ведаў. Толькі сягоньня пры людзях я прызнаўся яму, і сам сабой прышоў да пана. Даруй паночак, Максіму. Нехай лепш мяне пан судзіць. Я вінаваты, і я павінен атпакутаваць.