Старонка:Taras na Parnase.pdf/5

Старонка праверана

I.

Ці знаў хто, братцы, з вас Тараса,
У палясоўшчыках што быў?
На Пуцявішчы, у Панаса,
Іон там ля лазьні блізка жыў.
Што-ж? Чэлавек ён быў рахманы,
Гарэлкі ў губу ён ня браў:
За тое-ж ў ласцы быў у пана, —
Яго пан дужэ шанаваў.
Любіла тож Тараса й паня,
І войт ні разу не збрэхаў.
За тое-ж ён балота з раньня
Да цёмнай ночы пільнаваў.
Чуць золак — ён стрэльбу за плечы,
Заткне сякеру за паяс —
Заўсёды ходзіць бор сьцярэгчы
І птушак біць з ружжа Тарас.
Хадзіў ці доўга ён, ці мала,
Ды толькі нешта адзін раз
Беда ў бару яго спаткала…
Во, як казаў нам сам Тарас:

II.

„На самаго Кузьму-Дземяна
Пайшоў я ў пушчу памеж мхоў!
Устаў я нешта дужэ рана, —
Здаецца с першых пятухоў.