Старонка:Taras na Parnase.pdf/6

Старонка праверана

Іду сабе я па нямногу,
Але на пень трохі прысеў.
Аж тут лоп-лоп! Цераз дарогу
Як бытцам цецерук зляцеў.
Злажыўся стрэльбай, кляпсь! — ня паліць,
Крамзель з другога! — не пякець!
Гляджу — аж вось з за елі валіць
Як ёсць хароміна мядзьведзь!
Хоць не труслівы я дзяціна,
Але затросся як асіна,
Зубам, як цюцька, лепячу.
Гляджу — аж зломлена лясіна,
І ўздумаў: — дай ка ускачу!

III.

Скакнуў — ня трапіў, паслізнуўся
І ў яму молоньнёй лячу!
Ляцеў-ляцеў, як рэзануўся, —
Аж стала зелена ў ваччу!
Ляцеў ці доўга я, ці мала,
Таго ніяк я не ўцямлю,
Але ўжо ладна разсьвітала,
Як я зваліўся на зямлю.
Устаў з зямлі, абкалаціўся, —
Бо быў ў гразі я, як свіньня,
І дужэ, дужэ я дзівіўся, —
Дзе апынуўся гэта я?
Рукой паскробшы каля вуха,
Дабыў с табакай рагавень[1],
І храпу напіхаў цяртухай[2], —
Бо не ўжываў я цэлы дзень!
Як прасьвятлелі мае вочы,
Мядзьведзя я ўжо не шукаў.
Закінуў стрэльбу я за плечы

І па бакох глядзець я стаў.

  1. Табакерка з рогу — удакладненьне Вікікрыніц.
  2. Цёртая табака — удакладненьне Вікікрыніц.