Гэта старонка была вычытаная
Зьвякае тапорык,
Глуха стук нясецца.
Раптам клуб вадзіцы
З-пад дна ўзаўецца.
Коціць поўзьверх лёду,
Іней падымае
Ды такую-ж казку,
Байку хлопцу бае!
Слухае хлапчынка
Гэты сказ нязнаны,
Сьпеў, нікім ад веку
Ў лесе нячуваны.
То яму здаецца
Дудак хор далёкі,
То птушыны ў небе
Голас адзінокі.
На душы так ціха,
Ціха і нейк млосна,
І сьпявае ў сэрцы
Сьпеў той сугалосна.
Гэты сьпеў дзівосны
Чары навявае
І такія казкі
Слаўныя складае!