Старонка:Zbor t1v2 1928.pdf/112

Гэта старонка была вычытаная

З ТУРМЫ

Цесна мне тут, горка мне!
Просіць сэрца волі.
Плачуць думкі па вясьне,
Хочуць лепшай долі.

Гэй, ты, лес, хваёвы бор,
Бор густы, высокі!
Неба сіняга прастор,
Стэп яго шырокі!

Я да вас хачу, каб збыць
Ўсе мае нягоды
І свой голас разам зьліць
З песьнямі прыроды.

Люб мне поўдзень, цішыня
Раніцы прахладнай,
Крык у небе каршуна
Ў высі неагляднай,

Луг шырокі над ракой,
Долы і паляны.
Рвуся к вам я ўсёй душой,
Родныя курганы!..