Старонка:Zbor t1v2 1928.pdf/15

Гэта старонка была вычытаная

НЯГОДА

Мы чакалі нецярпліва
Лета, цёплых, ясных дзён,
Каб буяла наша ніва,
Ня глушыў яе драсён.

Хмурна-ж, наша хмурна лета,
Сьцелюць хмары валакно,
Сонцам поле не сагрэта,
Дробны дождж сячэ ў вакно.

Затоплена сенажатка —
Верх травы адно відаць,
Збожжа ў полі гіне, братка,
Няма сілы працаваць.

І Ільля ўжо недалёка
Жаць пара, пара касіць.
Дарма ў неба глядзіць вока —
Хмар густых ім не прабіць.

Перакідаем, брат, лета
І сяк-так перажывём.
Час наш будзе — вер у гэта —
З верхам працу мы зьбяром.

1908 г.