Старонка:Zbor t1v2 1928.pdf/156

Гэта старонка была вычытаная

КОНСТЫТУЦЫЯ

Констытуцыю далі,
Адчынілі дзьверы
І… ў астрог нас павялі
І таўкуць бяз меры.

Вітта нам дакляраваў —
Помніце? — свабоду.
Потым хвігу паказаў
„Вернаму“ народу.

Зашумелі аб зямлі
Ў Думе дэпутаты,
Дык па карку ім далі
І пашлі да хаты.

Архірэй наш Міхал
Тураўскі і Мінскі
Чорнай сотні толькі міл,
Бо робіць па сьвінскі.

Ганчакамі па Русі
Прыставы лятаюць,
Нас скуюць — кусі, кусі!
Як зайцоў страляюць.