Старонка:Zbor t1v2 1928.pdf/183

Старонка праверана

ПЕРАД БУРАЮ

Сінь і глыб бяз конца-краю.
Ціш і згодачка сьвятая
Неба, землю абнялі.

Сонца зранку жарам пыша.
Ветрык лісьце чуць калыша,
Вее чуць паўзьверх зямлі.

Лес і поле з збажыною,
Апавітыя смугою,
Задуменныя стаяць.

І сярод цішы нясьмела
Над зямелькаю зьнямелай
Сталі хмары вынікаць,

Ды так ціха, так пужліва,
Нібы зданкі або дзіва
Невядома, скуль ўстае.

Шырыць сонца клуб іх белы
І маланак-громаў стрэлы
Ім на страх зямлі куе.