Старонка:Zbor t1v2 1928.pdf/199

Гэта старонка была вычытаная

ВОДГУЛЬЛЕ

Ці коска зазвоніць у час касавіцы,
Ці песьню дзяўча запяе,
Ці неба зазьяе ў агнёх бліскавіцы,
Ці вецер задзьме-зазлуе,

Ці гром гучнабежны пракоціцца ў хмарах,
Ці грукне над лесам пярун, —
Усё водгук знаходзіць у вольных абшарах,
Ўсё іх дакранаецца струн.

А ты, калі гора каго напаткае,
Ці жальба пачуецца, плач,
Або запануе дзе крыўда ліхая —
На ўсё адгукніся, адзнач.

А радасьць пачуем, надзеі ўзаўюцца,
Каб добрыя весткі падаць,
Няхай тады струны твае засьмяюцца
І песьняю шчасьця гучаць.

1921 г.