Яшчэ ня стлеў у полі дрот калючы —
Агідны сьлед зьнішчэньня і вайны —
Яшчэ на могілках буяюць бур‘яны,
Дзе тысячы галоў зьляглі ў крывавай бучы,
Яшчэ ня зроўнены накопаныя кручы
І не засеяны аблогі-дзірваны, —
А вы, прыслужнікі драпежнага Ваала,
Зноў вострыце загнутыя дзюбы,
І сьліна пырскае з запененай губы:
Вам трэба кроў — крыві пралітай мала:
Ражном у горле вам сябрына наша стала,
Дзе самі ўладары — нядаўнія рабы.
Ну, што-ж? Пускайце ў ход і подкуп і намовы,
Нацкоўвайце сабак пад граканьне варон,
Але вам ня стрымаць той вольнасьці разгон
І бег яго няўхільны, паступовы,
Што ў пух і прах разьвейвае аковы,
Каб іншы выснаваць парадак і закон!
1927 г.
|