Гэта старонка была вычытаная
Усьміхнуўся, ўзьняўшы плечы,
Год стары на гэта:
— Ты гаворыш не дарэчы,
Бо ня знаеш сьвету.
Слухай, дружа, і вучыся —
Я ўжо — госьць на сьвеце,
Ледзь хаджу я, трасучыся,
Ня жыхар я — сьмецьце!
Перабыў свой час і — квіта,
Ды я досьвед маю
І ў апошні час пабыту
Слухай, што параю:
Калі хочаш, ягамосьцю,
Ў памяці застацца,
Ўежся людзям добра ў косьці,
Хоць злым будзеш звацца…
— Што пляцеш, пустапарожны?!
Проста слухаць нудна:
Добры год больш помніць кожны!
— Гм! згадзіцца трудна. —
Заспрачаліся, як дзеці,
Блазан і старое.
Што жыве даўжэй на сьвеце:
Добрае ці злое?