О, край родны, край прыгожы,
Мілы кут маіх дзядоў!
Што мілей ёсьць ў сьвеці Божым
Гэтых сьветлых берагоў,
Дзе бруяцца срэбрэм рэчкі,
Дзе лясэ — барэ гудуць,
Дзе медамі пахнуць грэчкі,
Нівы гутаркі вядуць?!
Гэтых гмахаў безгранічных,
Балатоў тваіх, вазёр,
Дзе пад гоман хваль крынічных
Думкі думае прастор;
Дзе у восень плачуць лозы,
Дзе вясной луге цьвітуць,
І шляхом старым бярозы
Адзначаюць гожа пуць?..
Гэй, адвечныя курганы, Сьведкі прошласьці глухой!
Кім вы тут панасыпаны?
Чыёй волею, рукой
Вы раскіданы па полі,
Даўных спраў вартаўніке?
Ды ні скажэце ніколі,
Што казалі вам вяке,
І пуцінаю ніроўнай
Бяжыцё ў далечыню —
У бок Віліі чароўнай
І пад сьветлую Дзьвіну…
Край мой родны! Дзе у сьвеці
Край другі такі знайсьці,
Дзе-б магла так, поруч с сьмеццям,
Гожасьць пышная узрасьці?
Дзе бы об-руку з галечай
Расквятнеў багацтва цуд
І дзе-б з долі чалавечай
Насьмеяліся, як тут?..
Скрозь вяночкі дрэў вясёла,
Над мястэчком ці сялом,
Божы цэркві і касьцёлы
Узносяць вежы к небясом,
Каб напомніць нам аб Богу, Аб угодніках сьвятых
І ўняць душы трывогу
У справах грэшных і пустых.
А званіцы перад сьвятам
У Божы дом народ завуць,
Каб прад Богам і прад братам
Віны усе свае пачуць…
Край мой родны! ў Божа імя,
У чэсьць касьцёлаў і царквоў
Паміж дзеткамі тваімі
Легло многа камянёў;
Многа выйшло трасяніны —
Меч, агонь зьнішчалі край:
З двух бакоў айцэ дубінай
Заганялі нас у рай.
Кроў лілася ручаямі,
Здрада чорная расла,
Што папамі і ксендзамі
У сэрцо кінута была.
І цяпер над вамі, брацця,
Яшчэ ў сіле той раздор:
І папоўскае закляцце
І ксяндзоўскі нагавор.
Брацця мае, Беларусы! У страшнай кнізе людзкіх спраў
Мусіць Сам Бог для пакусы
Гэты край наш адзначаў.
Тут схадзілісь усе плямёны
Спорку сілаю канчаць,
Каб багата адароны
Мілы край наш зваеваць
І самых нас ўзяць ў няволю,
Путы зьдзеку налажыць,
Кінуць ў цяжкую патолю,
Аб нас памяць усю замыць.
І лілася кроў нівінна,
Швэд набытак наш паліў,
І маскаль тут самачынна
Гвалт над намі ўтварыў,
І без жалю капытамі
Конь казацкі тут ступаў
І збажынку з ярынамі
Талачыў і драсаваў.
І на нашых становішчах
Білісь Польшча і Літва,
Каб на гэтых пажарышчах
Узмацавалася Масква…
Толькі-ж, брацця, край ні згінуў, Ні пагнуўся яго стан,
І із нас душы ні вынуў
Ні маскаль, ні польскі пан.
Эх, чаго нам ні прышлося,
Брацця мілыя, ужыць!
Колькі талентаў зьвялося!
Колькі іх і дзе ляжыць,
Нівядомых, ніпрызнаных,
Ніаплаканых нікім,
Толькі ветрам адсьпеваных
У полі посьвістам пустым…
Гэй, суседзі, нашы брацця!
Ні згубілі мы свой шлях,
Ні ўламало нас нішчасьце,
Ні сагнуў нас жыцця гмах.
Дык хіба-ж мы праў ні маем,
Сілы — шлях свой адзначаць?
І сваім уласным краем
Край свой родны называць?!.
— Гэй, Сымон! уставай, ты чуеш?
Усходзіць сонейко — пара!
Ці забыўся, дзе начуеш?
Час пайсьці нам, брат, з двара. У хаці, пэўня, паўставалі,
А мы… брыдка, брат, — ўставай!
Помніш, як нас частавалі?
Хоць падзяку людзям дай! —
Рана дзед-жабрак ўсхапіўся,
Зьвязваў торбы, хлопца зваў.
— Дзе-ж ты, жэўжык, прытуліўся? —
Дзед спаважна разважаў.
Азірнуўся ён зьдзіўлёна, —
Цопаць дзед рукой пачаў —
Ні чуваць нідзе Сымона.
«Дзе-ж ён, злодзяй, запрапаў? —
І затросся дзед са страху,
Думка мозг яго ажгла:
— «Абакраў, вуж, і даў маху»!
І сама рука лягла
На мяшочак пад пахвінай,
Але цэл яго мяшок.
І у мысьлях прад хлапчынай
Ураз пакаяўся дзядок.
Толькі-ж дзіво, што з ім стало
Дзе хлапчына занепаў?..
А тым часам сонцо ўстала,
І луч першы завітаў На торп к дзёду с-пад шчыцінкі,
І ў палосцы залатой
Мілліёнамі пылінкі
Закружыліся, як рой;
Пташкі-ластаўкі ляталі
То на двор, то са двара,
Над гнязьдзечкамі снавалі
І так міла шчабеталі,
Як бы зычылі дабра.
Зьлез дзед с торпу ў замешанні —
Дзе-ж падзеўся той Сымон?
Ці дзе ходзіць с пазарання
Ніпаседа — ветрагон?
Абышоў дзед двойчы клуню,
Клікнуў раз, другі — німа!
І напала на дзядуню
Ніадвязная дума…
Аж выходзіць гаспадыня.
— «А дзе-ж, дзедка, твой хлапчук?»
— «Мабыць зьбег: німа ў адрыне,
Я-ж без хлопца, як без рук!
Абышоў я усю гасподу —
Нідзе почуту німа,
Як бы хлопец кануў ў воду, Ці глынула яго цьма». —
Гаспадар сам вышаў с хаты,
Абудзіўся увесь дом;
Абышлі ўсе клеці, спраты,
Усё агледзілі кругом,
А Сымонка, як кампора,
Загубіўся і ні стаў.
— Ой, бяда-ж мне! горо, горо!
Без Сымонкі я прапаў! —
Бядаваў дзед, бядавалі
Разам з ім гаспадарэ;
Як умелі, уцяшалі
І старому абецалі
І прыхільнасьць і дарэ.
— Ці ні скрыўдзілі яго мы?
А мо‘ крыўдзіў хлопца дзед,
Што нікому нізнаёмы
У нівядомы пашоў сьвет? —
Гаспадыня разважала.
— Не, — натуры ён такой!..
Што парадзіш? Хлопцу мала,
Цесна з дзедавай сумой.
Хлопец здольны — ні загіне! —
Гаспадар ёй адказаў: — Долю-жыцце хто абміне,
Што каму Бог напісаў?!
Ганна смутная хадзіла
І трымалася адна,
Жаласьць так ў ёй гаманіла,
Што аж плакала яна;
Пазірада на прысады,
У даль, затканую смугой.
Сэрцо прагнуло парады,
Ды парады німа ёй…
І ні раз глядзела Ганна
У тую сторану палёў,
Дзе сінеўся лес туманны
З-за накопаных валоў.
Ей здавалось, што Сымонка
Пэўня кінуўся туды…
Міла-ж тая ёй старонка
І музыка малады!
Нікнуў зорак блеск халодны,
І сьвятлелі небясэ,
І туманам прадусходным
Абвязаліся лясэ.
Дня вясёлаго зраніцы
Раскрывалісь па зямлі, І далёкія зарніцы
З неба ціхаго зышлі.
А Сымон, ачараваны
Гэтай Божаю красой
І выпадкам нігаданым
Добрай ночкі веснавой,
Сам ні ведаў, што тварылось
У яго сэрцы і душы,
Што зьнячэўку налучылось
Ў прыветнай тут глушы.
То здавалось, што ўся справа
Толькі сьнілася у сьне,
Што й ні сон, а так, праява —
«Можа здань здалася мне».
Але сэрцо пачувало:
Праўду жыцця, яго пых.
На твары пячаць ляжала,
Думак сьветлых і сьвятых,
І душа зямлі ні чула,
Ні хацела здрады знаць,
Крылля — волю разгарнула,
Каб і цело ў высь падняць.
«Божэ праўды, Божэ сілы!
Ты ні кідаеш мяне, Дай мне моц і дай мне крылы
Паляцець у вышыне,
Аглядзець Тваё стварэнне,
Радасьць сьветлую спрыяць,
Сьвета дзіўнаго істненне
І таемнасьці пазнаць».
Так Сымон перад усходам
З Богам ў сэрцы гаварыў, —
На сустрэч сваім прыгодам
Душу чыстую раскрыў.
Азірнуў ён і абмерыў
Далі ціхія палёў,
У долю сьветлую паверыў,
У моц таёмных галасоў,
Што ў душы жылі і звалі,
Бог іх ведае куды, —
Дзе і думкі ні ляталі.
«Ну, што, — гайда, брат, туды!»
Вот Сымонка азірнуўся,
Кій-крывулю сваю ўзяў,
У бок гасподы павярнуўся,
У думках Ганначку вітаў:
«Будзь шчасьліва, краска-зорка!
Ні пагардзіла ты мной, І ў маёй ты долі горкай
Будзеш зданню дарагой,
І вы будзьце ўсе здаровы!
Будзь і ты здароў, дзядок!
Ніхай к вам з набыткам новым
Кожны зьявіцца дзянёк.»
Нівядомая дарога,
Край далёкі і чужы…
Вы сулілі сэрцу многа,
Хто ўсхадзіў на рубяжы
І знайходзіў ў сабе сілы
Путы прошласьці парваць,
За парог ступіць німілы,
Долі, шчасьця пашукаць.
Вы цягнулі, вы пужалі,
І для беднай галавы
То надзеі параджалі,
То сумленнем білі вы…
У чым-жа ваша гэта сіла
Над бездольнаю душой,
Што дае ёй мах і крылы
Узьняцца сьмела над зямлёй?
І чаму вам ўлада дана Сэрцо чарамі абвіць,
Каб пуціну ў край нізнаны
Пышна ружамі укрыць?
Толькі-ж часта насьміхалісь,
Злосна зманьвалі вы нас,
Як мы шчыра давералісь,
Пакладаліся на вас!…
Ціхім ранкам, ў задуменні,
Йшоў Сымон у Божы сьвет,
Сам ні знае, што сустрэне,
Ці пакіне у ім сьлед.
Па бакох пале ляжалі,
Пападаліся гае,
І дарогу прабегалі
С ціхім гулам ручае
І шчасьліва беглі далей
Між высокіх беражкоў;
Гаманілі хвалька с хвалей,
Сьпевам роўных галасоў,
І у душу закідалі
Водклік згоды і спакой.
Іх алешыны віталі
І ад сонейка хавалі,
Стаўшы цеснаю сьцяной.
Беглі сьценкі між жытамі Па узгорках і лагох,
І прыгожа васількамі
Убраў поле тое Бог.
Шоў Сымон адзін, свабодны
І нізьвязаны нічым;
Чуўся ён — і полю родны
І тым хмаркам вяснавым,
Што усплывалі над палямі
У ясно-сініх небясох,
Пазлацонымі краямі
Гожа зьяючы ў лучох;
І вітаў іх, ім сьмеяўся,
Падарожны малады
І ціхутка ў іх пытаўся:
«А вы, мілыя, куды?…
Вам дарогі усе адкрыты,
Дзеткі сонца і зямлі,
Клопат, думкі, — усё пазбыто,
Вас нягоды абышлі»,
А дарога у пяць нітак
Усё бяжыць і усё бяжыць,
На абапал з ёю жыто
Каласкамі гаманіць;
І ідуць, ідуць малюнкі Поля, лесу і лугоў,
І лятаць, бы тыя стрункі,
У полі засевы шнуроў.
І вот там, на павароці,
Дзе высокі крыж стаіць,
Яблык вежы ў пазалоці
У небі зьяе і гарыць.
Параўняўшысь, прыпыніўся
І набожна шапку зьняў,
Ціха хлопчык памаліўся,
Богу чэсьць, хвалу аддаў,
І дыбае зноў дарогай.
Сонцо стало прыпякаць:
Разважаць пачаў убогі,
Дзе-б пажывы пашукаць?
У бок дарога павярнула.
Лёгшы зграбнаю дугой;
З-за дзярэў стрэха зірнула
І дзьве коміны на ёй.
Падышоў Сымон — карчомка
Са стадолай і дваром.
Усім вядомы жыдок Шлёмка
Быў даўно тут карчмаром.
Шлёму лаялі і білі, Ды ні моцна, ні са злом,
Бо яго такі любілі —
Ні міналі яго дом.
Ды і як з ім ні паладзіць?
Як-бы ты ні быў з ім груб —
І пасудзіць і парадзіць,
Ды і выпіць даць ні скуп,
Абы толькі былі грошы,
Німа грошай — напавер.
Адным словом, — жыд харошы,
Толькі й ты яму адмер.
Дык ні дзіво, што да Шлёмы
Плыў народ, як у касьцёл,
Шоў і свой і нізнаёмы,
Узяўшы ў кецку, ці ў прыпол.
І чаго тут ні сустрэнеш!
Сьпеву, бойкі, — ўсяго шмат,
І сам часам вобраз зьменіш,
Потым сам сабе ні рад.
Тут пасэсар, арэндатар,
Дробны шляхціц, важны пан.
Хто папіць, гульнуць аматар, —
Кожын міл быў і жадан.
Вот Сымонка затрымаўся — Ці зайсьці, ці лепш мінуць?
Урэшці сьмеласьці набраўся —
«А чамуж ні завярнуць?»
Хоць нісьмела, ды ступае
На карчомны ён парог
І пужліва азірае
Гэты моташны бярлог.
Удоўж сьцен цягнулісь лавы,
На сталох — сьлядэ яды —
Крошкі хлеба і патравы;
З аднае сьцяны жыды
З-за асадак пазіралі,
Ды так важна, як панэ.
За сталамі засядалі
Выпівакі, ядунэ.
Пах гарэлкі, дым махоркі,
Як туман, пад столлю звіс,
І ад сьмеху і гаворкі
Сьцены голыя трасьлісь.
Тут сварылісь і гадзілісь,
Цалаваліся сябрэ,
Пахвалялісь і насілісь
З сваёй сілай вухарэ.
Бегаў Шлёма, як шалёны, То к сталу, то ад стала,
І быў ён, як рак, чырвоны,
Цёрся усюды, як мятла.
Пазіраў Сымон пудліва
І хацеў ўжо маху даць, —
Тут падскочыў Шлёма жыва
І стаў хлопца заклікаць:
— Ну, йдзі далей, места хваце!
Ну, ні бойся — ні зьядуць.
Зайграй людзям, пане браце —
У кішэні накладуць. —
Пасьмялеў Сымон, — дыбае,
Азіраючысь вакруг.
Ось ён мейсцо выбірае,
Забірае яго рух;
Вынуў скрыпку, смык падмазаў
І па струнах як павёў, —
Ціха стало ўсё адразу,
Змоўкло моро галасоў.
Павярнулісь усе галовы
У той бок, дзе граў Сымон,
Дзе йшоў гоман, ціхі, новы, —
Струн жалобны плач і стон.
Пераглядвалісь мужчыны І ківалі галавой,
То зьгіналі свае сьпіны,
То уставалі чарадой.
Кончыў граць ён і дрыготна
Шапку зьняў і стан скланіў.
Дараць шчыра і ахвотна, —
Усіх Сымонка тут зьдзівіў;
Нават Шлёма грыўню кінуў,
Да сябе ў пакой зазваў.
— От-жа здольны, каб ён згінуў! —
Люд Сымонку выхваляў.
Прываліло ўсім кагалам
Племе Шлёмаво ў пакой
І стаўпілось цесным валам
І гуло наперабой
То с Сымонкам, то с сабою;
А з іх самы дасьціпны
Узяў скрыпку і рукою
Дакрануўся да струны…
І ні рад Сымон тэй чэсьці
І кампаніі такой!
Хочэ ногі як унесьці,
Горш астрога той пакой,
І на дзьверы пазірае, Як бы вырвацца з галды.
А кагал цясьней сьціскае,
Усё назойлівей жыды.
От ўжо Хаім змайстраваўся,
Каб і смыкам павясьці;
Тут Сымонка ні стрымаўся,
Адбірае смык: — «Пусьці!»
Хаім зубы выскаляе,
Аж тут Шлёма ушуснуў сам.
— Го, мой Хаімка ўжо грае!..
Мотка, Хаім, Сруль, Абрам!
Вон дашлі вы! — Выпіхае.
Гоніць Шлёма ў карк сыноў,
Потым дзьверы зачыняе,
Да Сымона падышоў,
Сеў напроці, — важна міна.
— Слухай, хлопчэ, ты — жабрак?
Ну, і што? фэ, — цяганіна!
Ні карысьць табе, ні смак.
Ты-ж музыка найпярвейшы!
Ой, музыка! проста — ух!
І пан нават найважнейшы
Да цябе прыклоніць слух… —
І, пры гэтым, асьцярожна Жыд усё зьнюхаў, распытаў,
Што тут льга і што ні можна
І так потым ён дадаў:
— Я такі інтэрас маю,
Так табе я палічу:
Я кармлю і абуваю,
Нават грошай прыплачу,
А ты ў карчмі заставайся,
У мяне ты будзеш жыць;
Ты ні бойся і згаджайся —
Тут ні будзеш ты тужыць.
Чаго с торбай валачыцца?
Чаго кленчыць, жабраваць,
Калі можна прыпыніцца,
Хлеб смачнейшы спажываць? —
Слухаў хлопчык, сам пануры,
Апусьціўшы галаву.
«Мабыць добрае натуры…
Што-ж? пабуду, пажыву».
Разважаў хлапец ў сэрцы,
Зрэдка вочкамі ускідаў.
Ясна усё, як на талерцы,
Хітры Шлёма выкладаў.
— А чым буду я займацца? — — Пхэ! якая праца тут?
Граць ты будзеш наймавацца
Ад мяне — і ўвесь твой труд!
У карчмі будуць вечарынкі,
Ці ігрышчо дзе ў каго,
Ну, паграеш дзьве гадзінкі
Раз-два ў тыдні — і ўсяго!
Вот і ўся твая работа…
Чаго-ж больш табе жадаць?
Ну, й жыві, як ёсьць ахвота…
Больш ні маю што сказаць.
Цяпер твой чарод і слово,
Дык падумай і скажы.
— Ну, што-ж? граць, пан, мне ні нова,
Скрыпка, смык мне ні чужы, —
Я сагласны быць у пана,
І служыць я тут гатоў. —
Так Сымонка нігадана
Тут прытулішчо знайшоў.
У кухні жыдавой, пры печы,
Адвялі Сымону кут, —
Брудны, цесны, ды галечы
Можна жыць было і тут
Папалам з ліхой бядою. «Ну, што-ж?» думае Сымон:
«Я адзін, адзін душою!
Дзе ні кідае прыгон?
Як нядоля ні ўшчувае:
Як бяда падчас ні гне!
А другі й таго ні мае,
Што знайшлося у мяне.»
У гэтай кухні меў пасаду
Шлёмаў парабак, Яхім.
Ён ўзяў хлопца пад абладу
І памог яму сім—тым.
Разам ложку змайстравалі,
Каб меў хлопец дзе спачыць,
Пару бэбахаў дасталі.
Цело млявае акрыць.
— Ось цяпер ты князь ды годзі!
Пазайздросьціць сам прусак,
Што у шчыліні — гасподзі
Век зжывае, нібарак. —
Жартаваў Яхім з музыкі,
Як абладзілі пасьцель:
— І сам Шлёма, пан вялікі,
А яшчэ большы круцель, —
Так ні будзе с сваей Хавай Нават ў «кучкі» спачываць —
Сьмешнай мовай і цікавай
Стаў Сымона забаўляць.
І асьмейваў усё на сьвеці,
Шлёму с Хавай больш за усіх,
І капаўся, як у сьмецці,
У справах, звычаях у іх.
Потым ў хлопца запытаўся:
— А ты-ж, хлопча, колькі шкур
Шлёмі даць ахвяраваўся
І за колькі продаў дур?
Разсказаў Сымон умовы
На якіх застаўся жыць.
— То, жыдоўскія галовы!
Штукарэ яны круціць! —
Джургануў Яхім чупрыну,
Люльку злосна стаў ён ссаць
І пасунуўся ў адрыну —
Трэба воз было прыбраць.
«От дык штука! гм! цікава!»
Стаў Сымонка тут гадаць:
«Ці то праўда, ці забава,
Каб дурнога ашукаць?
Дык хіба-ж я тут прывязан? Ці ні пан сабе я сам?
Ц мне Божы сьвет завязан?
Ні стрываю — маху дам!
А як будзе тут — ні знаю, —
Хіба-ж я жыву ў раю?
Дык я тут надзею маю —
Можэ Ганначку спаткаю,
Зорку ясную маю.
Падхапілі зноў Сымонку
Думкі-мары, мысьлі-сны
І ў чароўную пялёнку
Спавілі жыццё яны.
Усё Сымонка забывае.
Вочкі ў глыб душы глядзяць,
І шчасьлівы сьмех блукае,
Губы хочуць што-сь сказаць,
І нічога ён ні чуе,
А яго ужо разоў два
Клічэ Хава і сярдуе:
— Уй, дурная галава!
Як глушэц затакаваўся, —
Прынясі, ідзі, мне дроў!
Хлопчык, спуджаны, капаўся,
Сьвет чароўны разьбіваўся. Нікнуў ў злосьці гэтых слоў.
І Сымонка бег без спрэчкі
На дрывотню за стадол,
Па ваду хадзіў на рэчку,
Працаваў, як чорны вол.
А Яхім у вус сьмеяўся
Ды плячыма паціскаў,
За Сымона заступаўся,
Шлёму «пархам» называў.
У карчомцы быў асобны,
Свой уласны жыцця склад,
Свой рахунак, брудна-дробны,
Звычай, право і урад.
Хлопчык жыў і прыглядаўся,
І тагды, як ён дрыжаў
Перад Шлёмам і баяўся,
Жыда «панам» называў,
То Яхім ні раз у вочы
Сыпаў Шлёмі, як пяском,
І з ім Шлёма ніахвочы
Быў стыкацца языком.
Карчма рэдка пуставала,
Чуць развідніцца — сюды
Чья-нібудзь душа вітала, Шоў стары і малады
І наскора выпівалі,
Зьеўшы с хлебам сялядзец;
Прыбывалі, выбывалі
І гаратай і касец,
Цэлы дзень рыпелі дзьверы.
І былі такія тут,
Што ніяк ні зналі меры
І, сагнуўшыся, як склют,
Церпяліва выжыдалі,
Дзе-б к кампаніі прыстаць,
Або стала разважалі,
Што-б ў залог тут Шлёмі даць.
Так бывала у дзень будны,
У сьвято — нельга і прайсьці.
Брата, бацьку было трудна
Тут разгледзіць і знайсьці.
Але летам то нічога,
От зімой зайсьці ў карчму!
Тут падзівішся нябога,
Згубіш сумную думу.
Тут падчас трасуцца сьцены,
Лавы крышацца, дрыжаць;
Часта ў ход ідуць палены, Пэйсы Шлёмавы трашчаць.
Сёмка тут пачне казанні,
Як Мацюта лез на плот,
Як Чылін сьпеваў літанні,
Як жаніўся Лысы Дод.
Пра шаўца пачне ён казкі,
Як раскажэ — хоць ты ляж!
Як у Хасі, з яго ласкі,
Нарадзіўся Мэсыяш.
Два Антосі — Лузун, Лата
Пацешаюць тут усіх,
А Базыль, Карусь — два браты —
Зводзяць двух братоў чужых.
І ні раз тут закладалісь,
Хто больш выпье ці сажрэ,
Колькі раз «у плечкі» бралісь,
Хто пакоціць, адбярэ.
Тут зубамі крэпкі Сыса
Ступу тоўстую насіў,
І Варьяту Янка Лысы
Пузо ботамі мясіў,
А той жылы ўсе напружыць,
Голы ўздуецца жывот,
Янку носіць ён і кружыць — Пацешаецца народ.
Тут, бывала, ў карк Піліпа
Гнала жонка с карчмы вон,
І аб сына стары Клыпа
Чапялу ламаў і млён.
Тут ігрышчы адбывалісь
Перад сьвятамі зімой,
І трасьліся, калыхалісь
Сьцены, дошкі пад нагой.
Дзяцюке, пабраўшы пары,
Тут ляталі, як віхрэ,
Як пры лесі на папары
У гіз бегаюць валэ.
Верцяць дзевак, як круцёлак,
Па паветры іх нясуць,
Сьцены, прыпяк і пяколак
Іх хвальбонамі мятуць;
Аж падлога пад нагамі
Гнецца, крэхчэ і рыпіць,
І агонь у тахт з рубцамі
У лямпі с подскакам гарыць.
Патамяцца, папацеюць, —
Дзьверы насьцеж — на мароз!
Покі лбэ пахаладзеюць, І пачне сінецца нос.
Весялілісь маладыя,
Частаваліся, пілі,
Для іх вечары сьвятыя
Многа радасьці нясьлі.
А Сымонка, як пракляты,
Ім да трэціх пеўняў граў.
Толькі ён ні ведаў сьвята,
Сьветлай радасьці ні знаў!
Без ахвоты, без утхнення
Смык ускідвала рука,
Ні хапало і цярпення,
Сіл падчас у бедака
Граць праз цэлых тры гадзіны
Нісканчоную кадрыль.
Марнаваўся век дзяціны,
Талянт брудзіўся у пыл.
І прышлося тут хлапчыне
Чарку горкую спазнаць,
І ён чуў, што сэрцам гіне,
І душа яго тут стыне,
Дару Божаго пячаць.
Сьветлы дзень — што ноч: так само
Жыцце тут было адно, І глыбей ўцягала яма
Хлопца беднаго на дно.
Рана хлопчык падымаўся,
То каморкі падмятаў,
То пры кухні увіхаўся,
Шлёму, Хаві памагаў.
Так весь дзень і быў заняты,
А каб час ні марнаваў,
Ад Сымонкі Шлёма кляты
Смык і скрыпку адбіраў.
— Будзе струмант так далейшы,
Без патрэбы што іграць?
Трэба, хлопчэ мой мілейшы,
Свае рэчы шанаваць»,
Крыўда ў сэрцо западала,
Ірваў грудзі хлопцу жаль,
Як струна, душа дрыжала,
Але сілы ні хватало
У зіму выбрацца у даль.
І хадзіў ён, ціхі, смутны,
Горо ў сэрцы затаіў,
Як бы нейкі каламутны
Перавал яго насіў.
— Ну, Сымон штось ні ў гумору! Зауважываў Яхім:
— Бачу, ты ні йдзеш у гору:
Шлёма — кепскі твой айчым.
Ты — падкухцік, ты — музыка,
Падметайла, ваданос,
І маўчыш, як без языка,
І цягаеш Шлёмаў воз.
А ўсё горо ў тым, вядома,
Што ты мяккі, брат, як смоўж,
І табою верціць Шлёма
І упоперак і ўдоўж,
А тут трэба агрызацца,
Кіпці ў шкуру запусьціць.
Што табе жыдоў баяцца?
Ці без іх ні можаш жыць?
Толькі што-ж? твая натура
Так, ні людзкая, скажу…
Меней, хлопчэ, трэба дуру:
Цяжкі воз — так па гуку!
«Дзякуй вам за хлеб, за кашу
І яшчэ за міласьць вашу!
Вот хамут вам, вот дуга,
А я больш вам ні слуга».
Дзівачок ты! — з нейкай ласкай
Дадае яшчэ Яхім: — Цяжка жыць с чужой папаскі,
Лепш ідзі к бацьком сваім:
Сэрцо бацькаво — ні камень,
Бацькаў хлеб — смачней віна,
І ні зломіць тваіх рамен
Праца бацькава гумна…
Ці-ж бы я служыў у жыда,
Каб я меў бацькоў і дом?
Прападзі ён, гэты скныда!
Ды пабі яго і гром! —
— Эх, Яхім! — ўздыхнуў хлапчына: —
Мо і праўду кажэш ты:
Раз‘еднае-ж бацьку й сына
Бераг зрывісты, круты;
І нам з ім ўжо ні сайціся,
І да бацькавых харом
Сьцежкі усе мне запляліся,
Заваліў іх буралом.
Бо мы з бацькам — чужаніцы
І нам поплеч з ім ні йсьці;
Есьць, Яхім, ў душы граніцы —
Іх ні здоляеш прайсьці…
— Ат! гаворыш ні да ладу,
І ні сьцяміш, што сказаў! Як відаць, ты любіш здраду,
Абы ў карк цябе хто гнаў! —
Адказаў Яхім сярдзіта,
Павярнуўшыся на бок,
І дадаў: — Табе карыто
Лепш за бацькаўскі хлябок…
Змоўк Сымон — Яхім ні чаяў,
Што прычыніць хлопцу боль,
Што яго ён так ахаяў,
Як бы ў вочы кінуў соль.
Хлопчык доўга быў ні ў сілах
Заспакоіцца, заснуць,
І агонь кіпеў у жылах,
І ад плачу рвалась грудзь.
Ніўспагаднасьць, насьміханне!..
Спавівалі часта вы
У сум тужліваго зьмеркання
Дух шукання, дух жывы
І ўпіваліся атрутай
У сэрцо згнаннікаў сьвятых;
Пацешалісь вы пакутай,
Нішчасьлівай доляй іх. А за тых, с чыйго вы сэрца,
С чыіх вуснаў вы ішлі, —
У пагардзі, ў паняверцы
Цяжкі крыж яны нясьлі.
І дарогі пракладалі
Скрозь гушчары нуднай цьмы,
Зерне праўды засевалі,
Ім ўсе сілы аддавалі,
Сокі сэрца і душы…
Беглі дні, і шлі нядзелі, —
Ні менялася карчма:
Так-жа сьцены тут глядзелі,
Дзьверы гэтак-жа рыпелі, —
Усё ўпынку ім німа;
І так сама, па заказу,
Граў Сымон па вечарох,
Дзе дух творчасьці ні разу
Крыл сваіх узьняць ні мог.
І на волю хлопчык рваўся,
Толькі-б зіму перабыць,
І памалу ён зьбіраўся
Долі новае ужыць.
Справіў вопратку на лето,
Грош сякі — такі урваў І прастору, волі, сьвету
Зноў з надзеямі чакаў.
Меў Сымон адзін прыпынак,
Дзе душой ён спачываў —
Гэта быў палац—будынак,
Дзе ён з думкамі вітаў!
І дзе толькі ні насілі
Мары — думачкі яго!
І аб чым ні гаманілі,
Ні разсказвалі чаго!
Раз, як карчма была поўна
І старых і маладых,
Вышаў хлопчык і любоўна
Кінуў вочкі на усіх;
На мамэнцік замяшаўся,
Потым скрыпку узяў і смык,
Усім істненнем ім аддаўся,
І паліўся ціха зык.
Скрыпка што раз галаснее,
Прыямней гудзе струна,
Скрыпка плачэ, скрыпка млее,
Выгаварвае яна
І раптоўна ажывае.
Ей Сымонка падпевае: «Божы Дух вітаў у высі;
Сьветы дзіўныя прад ім
У багнах тайнасьці нясьліся,
Песьні анелаў ліліся
У прасторы векавым.
Хвала Богу Вялікаму, хвала!
І зьбіраліся ў чароды
Хмаркі ў цёмных глыбінох,
І схадзілісь ў хараводы
Шчасьця поўныя і згоды
Зоры, зьяючы ў агнёх.
Хвала і Сыну Божаму, хвала!
Усплыў і месячык двурогі —
Божы срэбраны сярпок —
У ніаглядныя разлогі,
Асьвечаючы дарогі,
Сумны бляск яго пацёк.
Хвала і Духу Божаму, хвала!
«Прылучалі сьпевы—гранне
К сьпевам анелаў сьвятых
Ціхіх ветраў патыханне,
Ясных зорачак блісканне
І хор хмараў залатых.
Хвала Едынаму Богу, хвала! «Усё гарэло, ўсё дрыжало
На аўтарах тых сьвятоў,
Усюды радасьць пасылало
І Дух Божы выслаўляло
Хорам згодных галасоў.
Радасьць Божую, Сьветы, пазнайце!
«А ў нізіне, с пад тумана,
Шэрай плямай, як ралля,
Цьмою цяжкаю заткана,
Бы навекі пахавана,
Спала сумная зямля.
Абудзіся, зямля, — хвалі Бога!
«І ціхутка, нірухома.
Крылля ноч над ёй ўзьняла,
Нічутна і нівядома,
Для зямелькі нізнаёма,
Хвала гэтая была.
Асьвяціся і цьма, пазнай радасьць!
«І тагды, як ўсё бліскало,
Зьяло ў полымі агнёў,
Там адна зямля маўчала,
Пых і гожасьць нарушала
Сьпева-торжышча сьвятоў.
Прылучайся, зямля, к Божым хорам! «І бліскучымі крыламі
Ціха Дух Сьвяты ўзмахнуў,
Усемагутнымі вуснамі,
Паслухнянымі вятрамі
У бок зямлі ён дыхануў.
Нясеце зямлі Божую Сілу!
«І сказаў вятром Дух Божы:
«Жыватворчасьці Мой Дух
Вы нясеце у падножжо
Трона-ўлады Сьветаў Божых,
Што раскінулісь вакруг.
Радуйся небо — уваскросьне зямля!
«І ніхай зямля спазнае
Радасьць, пыху небясоў,
І вада ў марох ўзыграе
І абніме моц сьвятая
Лоны гораў і лясоў.
Дух Божы павее — устане зямля!
«І скажэце тым стварэнням,
Хто быў скрыўджаны людзьмі
І хто Божаго утхнення
Прагнуў сэрцам, як збавення, —
«Духа Божаго прыймі!»
Радасьць сьпевайце, Духа хваліце! І срэдзь цьмы зямлі нідбалай,
Дзе пануюць ноч і сон,
Над зямлёю заніпалай
Песьняй згоды, Божай хвалай
Пройдзе голас іх, як звон.
Хвала, спрыяўшым Духа Сьвятога!
«Ціха воздух скалыхнулі
І павеялі вятрэ,
Ніжэй змрок к зямлі прыгнулі,
Воду, лес, зямлю кранулі,
Духа Божаго дарэ.
Засьпевай-жа, зямля, хвалу Богу!
«І зышло на землю дзіво:
Абудзіліся лясэ,
Дрэвы радасна, шчасьліва,
Воды ў згодзі гутарліва
Зьлілі ў песьню галасэ.
Хвала Богу Вялікаму, хвала!
«На усходзі слуп агністы
Ўстаў ад неба да зямлі,
І паліўся бляск празрысты,
Сьвет жаданы, сьвет прачысты,
Цені чорныя сайшлі.
Хвала сьветламу дню, хвала! «Шлі дарогамі без долі
Людзі, пасынкі зямлі,
Дзеці зьдзеку і патолі,
Што зьневагай і злой воляй
Цяжка скрыўджаны былі.
Радуйцеся, усе пакрыўджаныя!
«І на іх вятрэ дыхнулі
Духам творчасьці сьвятым
І ім сілы разгарнулі,
Душу праўдай ахінулі,
Асьвяцілі сэрцо ім.
Людзі, услаўляйце Божую праўду!
«І пашлі яны як стрэлы,
Громам голас іх гучаў,
Ды адгук на гук іх сьмелы
Быў ні поўны і ні цэлы —
Іх сьвет гэты ні пазнаў.
Асьвяці, Божэ, люд ніўспанялы!..
Граў Сымон, — зьвінелі струны,
Ціхай радасьцю гулі,
Бы вясной грамы-пяруны
Адгукаліся зямлі;
І дрыжалі жалем зыкі,
Сумам, жальбаю вілісь. Бы у скрыпкі і ў музыкі
Дзьве душы ў адну зьлілісь.
І сам хлопчык адмяніўся:
У вачах агонь бліскаў,
Погляд ў душу углыбляўся,
Бы ён што у ёй чытаў:
І часамі забываўся —
Дзе ён? Што з ім? — ні ўчуваў,
Бы ад цела аддзяляўся
І сьвет гэты пакідаў.
Ды раптоўна абудзіўся…
— Годзі! годзі! — чуе крык.
Момэнт творчасьці разьбіўся,
Змоўкла скрыпка, выпаў смык.
— Ты у карчмі, ці ў касьцелі?
На хаўтурах ты, ці дзе?!.
Як уляпаў, ліхо долі,
І канца німа — вядзе!
Перад ім дзядюк здаровы,
Задзірака і скакун,
Грозна ўстаў, насупіў бровы,
Вочы ўставіў, як каршун.
— Кантар Шлёмаў, — разсьпеваўся!
Ты «Лявоніху» іграй; Раз наняўся, як прадаўся,
А свайго ні выдумляй! —
Адусюль пачулісь кпіны,
Гразь насьмешак, жартаў бруд…
А за што? якія віны?
Чым прашкодзіўся ён тут?
Як памыямі абліты,
Голаў зьвесіўшы на грудзь,
Нірухомы, як забіты,
У вочы ім ні мог зірнуць
Бедны, збэшчаны музыка,
І сядзеў ён, бы той труп.
Ні сарвалось ані зыка
С пабялелых тонкіх губ.
— Будзеш граць, ці не, ты, гніда? —
Насядаў другі дзяцюк,
Тонкі, доўгі, мэрам дзіда.
— Дай у карк яму, Паўлюк! —
Хлопец ўскочыў, ні стрымаўся —
Крыўда моцна дапякла;
Сьвет вакруг ў туман заслаўся,
Заскакаў, закалыхаўся,
Злосьць пружынай узьняла.
— Я ні буду граць вам!… сьвінні!.. Чуеш ты, даўгель — цыбук?
Граць ні буду, чуй, — от згінь я!
Будзе зьдзеку з мяне, мук!..
Хоць парэжце на кавалкі, —
Я і вокам ні маргну,
А ні буду граць с-пад палкі,
Сьпіны вам я ні сагну!..
От я увесь тут перад вамі,
Бійце-ж вы мяне! Ну, што ж?.. —
Шум пашоў між дзяцюкамі!
— Бач які — ідзе на нож!
Сам сібе Сымон ні помніў
І ні ўзважыў сваіх слоў,
Але гэтым ён уроўніў,
Большым стаў у дзяцюкоў.
— Што, Паўлюк! — пачулісь жарты
«Зарабіў, брат, «цыбука?»
Справядліва — таго й варты:
Што-ж ты лаеш хлапчука? —
А Сымон, як палатняны,
Погляд кінуўшы з гары,
Шоў праз карчму, нібы пьяны,
Без крывінкі у твары.
Час быў ранні. Вёскі спалі,
Ні трубіў у рог пастух,
І дарогі спачывалі, —
Ціха уcё было вакруг.
Ад карчмы на шлях ценькамі
Хтось-то сунуўся, як здань,
С палкай, с клункам за плячамі,
Ні ўважаючы на рань.
Шоў ён борзда, азіраўся
У бок стадолы і карчмы,
Бы за ім адтуль хто гнаўся
І згубіў яго срэдзь цьмы.
На шляху ён прыпыніўся.
Паразважыў, пастаяў,
Потым ён перахрысьціўся,
Вольным шляхам падыбаў.
У палёх драмалі нівы,
Нікнуў ў небі зорак пас.
Вот заціўкалі шчасьліва
Пташкі-жаваранкі ўраз
І віталі рань сьвятую,
І туман з лагоў ўставаў,
І варону залатую Усход за лесам узьдзеваў.
Адзінокі падарожны
Усё дыбаў і ўсё дыбаў,
Даль палёў і сьвет разложны
Ціхім усьмехам вітаў.
І быў ён худы і слабы,
Бледнасьць хворасьці ў твары,
І скрозь рвань сьвяцілісь драбы,
Кашляў, бедны, як стары,
Толькі вочы больш гарэлі,
Глыбей ў лоб вайшлі яны,
А з-за плеч на сьвет глядзелі
С клунка кончыкі струны…
Шыр палёў, цяпло і воля
Адагрэлі яго зноў,
І сьціхалі яго болі,
Аджывала ў сэрцы кроў.
Толькі-ж ногі штось замлелі,
Слабасьць нейкую пачуў
І ў руках і ва ўсім целі,
І сон хлопца агарнуў.
Ен з дарогі зварачае
І на сонцы пад кустом
Прысядае, спачывае, Потым крэпка засыпае,
Распрасьцёршыся пластом.
Доўга спаў ён, як забіты.
Сонцо стало на поўдні,
І гулі над іх сярдзіта
Дзеці лесу, авадні.
— Устань, любы! — казало сонцо,
— Абудзісь! — шумеў дубок,
І скрозь травак валаконцо
У твар павеяў вецярок.
— А-а! — Сымонка пацягнуўся,
Голаў сонную узьняў
І ні зразу схамянуўся,
Як, чаго сюды папаў.
— Дзе-ж то я і што са мною? —
І прыпомнілось яму,
Як сквітаўся ён с карчмою,
Як уцёк ён і чаму…
Але што то? здань ці дзіво?
Ці вачэй абмылка, зман?
Бы хтось глянуў ды так хціва,
Так прыгожэ і шчасьліва.
Бы душы і сэрца пан?
Штось то блізкае пачулось, — Што? ні выявіць ніяк.
Усхвалёвало, адгукнулось,
Палажыло ў сэрцы знак,
Растрывожыло ўспаміны,
Што сакрамантам былі
Сэрца беднаго хлапчыны
І ва ўсякія часіны
Там іскрылісь і цьвялі,
«Гэта сон мяне усьцешыў»,
Сумна хлопчык парашыў,
І ўздыхнуў, галоўку зьвесіў,
Голас сэрца заглушыў…
— Гэ! — махнуў Сымон рукою,
Каб аб тым і ні гадаць —
Ні з маёю доляй злою
У сэрцы мары гадаваць! —
Сеў і с клунка ён выймае
Рыбу, хлеб, кладзе на дол;
Ніхай Шлёма выбачае:
Шабасовы гэта стол.
Толькі-ж сьнедаць чуць прыбраўся,
Чуе — голас хтось падаў.
Больш Сымонка заканаўся —
Ясна, з ім хтось жартаваў. Хлопчык ўскочыў, азірнуўся,
Галавой абвёў вакруг,
Бачыць — куст узварухнуўся,
І адтуль, як сьветлы дух,
Твар прыгожы выглядае;
Здаваленне, сьмех на ім,
І Сымонку абвевае
Чымся мілым, дарагім.
— Ганна! — вырвалось ў Сымона,
І назад ён крок ступіў
І стаіць, глядзіць зьдзіўлёна,
Рукі сьмешна апусьціў.
— Ай, Сымон! які дзіўны ты! —
Ганна сьмехам залілась,
І галоўка самавіта
Над травою ўзьнялась.
І бліскалі яе вочкі,
Як у жыці васільке,
Слоўкі — срэбраны званочкі,
Шчочкі — макавы лістке.
— Дзе спаткалісь мы… Сымонка!
Як-жа ты сюды папаў?..
А як зыгнуў ад нас гонка —
Слыху, почуту ні даў… Ганна борзда гаварыла,
Распытоўвала сябра,
Нават трошкі пажурыла,
Што адрокся іх двара.
— Я суніцы тут зьбірала,
Зірк — аж бачу, хтось ляжыць;
Я спужалась, страшна стало —
Мо‘ разбойнік які сьпіць.
Ды ўзяла міне цікавасьць,
Я падкралася бліжэй —
Гэта-ж ты, й такая млявасьць
Ад істоты ўсей тваей!
І мне шкода цібе стало,
Ні пасьмела я будзіць
І гадзіны дзьве чакала,
«Ніхай, думаю, пасьпіць.»
Ці здароў-жа? як жывецца?
І куды ідзеш, зачым…
Сядзьма тут! — Яна сьмяецца
І садзіцца разам з ім.
— Ганна!.. Божачка Ты мілы,
Як я рады — ні сказаць!
Я пачуўся — нібы крылы
Ты прынесла мне лятаць. Ты ні ведаеш, Гануся:
Цяжкі выдаўся мне год.
Успомню — ўвесь закалачуся,
Сілы йдуць мае на звод.
Я быў хворы — ні пад сілу
Для мяне была карчма,
Жыд з мяне выцягваў жылы,
Маё жыцце было — цьма,
Я адзін быў, сам сабою.
Хоць вертаўся між людзей:
Тольку ў думках жыў табою,
Вашай добраю сям‘ёю,
Мілай казкаю маей.
А цяпер іду… ўсё роўна,
Толькі-б кінуць мой бярлог,
Толькі-б с скрыпкай жыць любоўна
Толькі-б вольна жыць я мог…
— Ты зьбіраўся сілкавацца,
На мяне ты ні зважай, —
Еш, Сымонка, што сьціскацца?
Папраўляйся і дужай.
А то хочаш? будзем разам
У лесі полудзень спраўляць.
Там збаночак мой, пад вязам, Дзе і сыр, блінцэ ляжаць. —
У цяньку старога вязу
Селі, сьнедаюць яны,
І іх сэрцы згоды, сьпеву
Ціхай радасьці паўны;
Ні змаўкае іх гаворка.
Расказаў Сымон аб тым,
Як яму жылося горка,
Хто быў Шлёма і Яхім:
Як жыдэ шабас спраўляюць,
Што у іх ёсьць чорт—каршун,
І што іх — так людзі баюць —
У страшну ноч бярэ хапун.
Потым сьціх Сымон панура,
І на твар яго зьлёг сум,
Бы у сэрцо журба хмура
Нацягнула чорных дум.
Ганна голаў пахіліла,
Разважала і яна,
Бы ў адзін іх сум акрыла
Поўдня тая цішына.
— Што-ж мы змоўклі?.. Эх, Гануся!
Як падумаю, што зноў
У сьвет адзін павалакуся, — Проста ў сэрцы стыне кроў.
Я нідаўна быў шчасьлівы,
Ні гадалось ні аб чым,
Ні палохаў сьвет жахлівы,
Як бы я й ні жыў ў ім.
І ў той міг перад сабою
Толькі меў цябе адну;
Сэрцо поўнілось табою,
Бы сваю знайшло вясну
У сьвеці гора і блукання.
Толькі-ж ёсьць канец усяму,
Наша скончыцца спатканне,
І мой дзень ў тугу зьмеркання
Зноў апусьціцца, як у цьму.
Мы разыйдземось. Дарогі
Нашы розна пабягуць,
Паміж намі ёсьць парогі
І нам іх ні абмінуць.
Мы, Гануся, — каляіны,
Аднэй скрыпкі дзьве струны,
Іх аднакі скрозь пуціны,
Ды ні сходзяцца яны.
У прыгодах ёсьць дзьве меры:
Усьміхнецца шчасьце мне, Я ужо мысьлю, поўны веры, —
— Шчасьце пройдзе, патане.
І ад тога пачування
Сэрцо болем зашчыміць,
І ад шчасьця тога, Ганя,
Толькі цень яго стаіць.
А ў нігодах разважаю:
І яна ні вечна: ёй
Усё-ж канца я прычакаю, —
Цешусь думкаю такой.
— Гэта — праўда, праўда, мілы!
Толькі-ж трэба й то сказаць:
Даў табе Бог здольнасьць, сілы,
Розум — гэтак разважаць.
Аднаго ні даў — ўдачы,
Гора многа ты панёс:
То абмылка — мех жабрачы,
Ні такі, Сымон, твой лёс!
Ты — пакрыўджан, ты — змардован,
Ты — «ні ў родных каранёх».
У мех жабрачы талент схован,
Ды дасьць волю яму Бог…
Ты паслухай: ніхай ў полі
Роўна колейкі ідуць, Ніхай дзьве струны, дзьве долі,
Песьню ў згоднасьці пяюць…
А цяпер, на развітанне,
Паіграй, Сымонка, мне,
Каб мінута разставання
Нам казала аб вясне. —
Слухаў ён і крэп душою
Сьвет хацелося абняць,
На калені стаць прад ёю
Жыцце ёй сваё аддаць
І чароўна зыкаў хвалі
Пакацілісь, пацяклі.
Гэта — анелы сьпевалі
Радасьць Божую зямлі.
г. Обоянь, Курск. гб. 8—12/XII—1917 г.
|