Сьветацені (1928)/Бачу і чую, — чую і бачу

На усходзе дальнім, на палёх Кітая Бачу і чую, — чую і бачу
Верш
Аўтар: Тодар Кляшторны
1928 год
⁂ За кроснамі часу ня прыкмеціш…
Іншыя публікацыі гэтага твора: Бачу і чую — чую і бачу.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




БАЧУ І ЧУЮ, — ЧУЮ І БАЧУ

(З народнага)


∗     ∗

Любая пчолка!
Ці за гарамі,
Ці за барамі,
Зіму адчуваеш?

Што ты сягоньня
Вечарам росным,
Вечарам сінім
К вульлю прыліпаеш?!

Чую — ня чую,
Бачу — ня бачу…
Нават у дую,
Нават у вею
Я не заплачу.
Хай сабе веіць,
Хай сабе плача
Сьнежная замець;
І заквітнеюць,
І загамоняць
Вёсны з палямі…


∗     ∗

Ой, ты, дзяўчына!..
Ці за гарамі,
Ці за барамі
Страціла долю?!

Што ты сягоньня
Вечарам росным
Русыя косы
Хіліш да долу?!

Так ці ня гэтак,
Вашы спагады
Чую — ня чую,
Бачу — ня бачу…
Любаму другу
Здраду дарую,
Крыўду дарую,
І не заплачу.


∗     ∗

Там за гаямі
Ня воўкі завылі,
Зоры дзяньніцы
Ў туман ня зблудзілі, —
Гэта зара
Над краінаю сьвеціць,
Сьвеціць праз чорныя
Хмары сталецьцяў…
…Хмары разыйдуцца
Дымам-туманам,
Воўкі згрызуць
На палёх дурнап‘яны.
Доля ліхая
З туманамі зблудзіць…
Нашыя душы
Нішто не астудзіць.
Хай сабе плача,
Хай сабе веіць
Сьнежная замець,
І заквітнеюць,
І загамоняць
Вёсны з палямі…
Чую і бачу,
Бачу і чую
Нашага часу
Вясну залатую.