Сьветацені (1928)/Па-за вокнамі…

⁂ Сьцюжа тут… ⁂ Па-за вокнамі…
Верш
Аўтар: Тодар Кляшторны
1928 год
На усходзе дальнім, на палёх Кітая
Іншыя публікацыі гэтага твора: Па-за вокнамі кружыць мяцеліца…

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!





∗     ∗

Па-за вокнамі круціць мяцеліца
Па-за вокнамі плачуць вятры…
Быццам ведзьмы за брамаю жэняцца
Альбо едуць на баль гусьляры…

Дзесьці там, —
Над драмучаю пушчаю
Сьцелюць зоры цяпер агняцьвет…
А за вёскай ваўчыныя гульбішчы
Зараз граюць галодны концэрт.

Дзесьці там, —
На сівую ваколіцу
Зараз маці з дакорам глядзіць,
І напэўна далёкаму моліцца
І у думках пражытае сьніць.

Мабыць думае:
Ў ноч гэту цёмную,
Ў гэту ноч на чужой старане
Плачуць ветры цяпер па пакойнаму,
Плачуць ветры цяпер аба мне.

Эх ты родная,
Родная, блізкая
Ты ня можаш ўсяго зразумець…
За тынянымі дзесьці кулісамі
Ёсьць і шчырасьць,
І людзі і сьвет.

Нашы дні —
Пераліўныя хвалі,
Ў парусах нашых
Сьвішчуць вятры…
Мы плывём у бязьмежныя далі,
Каб жыцьцю дарагое дарыць.

А ў жыцьці яшчэ круціць мяцеліца,
А ў жыцьці яшчэ многа сьнягоў,
Па-за нашай ваколіцай сьцелецца
Шматгадовая тлень туманоў.

Але што маладому кіпучаму
Гэты холад апошніх завей…
Хай галосяць марозы траскучыя —
Ад марозу зара пунсавей.

Не пагасьне над нашаю пушчаю
Гэтых зор залаты агняцьвет…
Па-за намі ваўчыныя гульбішчы
Зараз граюць галодны концэрт.

Дарагая,
Далёкая, блізкая,
Ты ня можаш ўсяго зразумець…
За тынянымі дзесьці кулісамі
Ёсьць і шчырасьць,
І людзі і сьвет…