Скаўткі, сёстры дарагія,
прыклад добры вы далі,
вы пачаткі залатыя
ў жыцьцё моладзі ўнясьлі.
Вы агонь ўжо распалілі
ў мляўкіх сілах у дзяўчат;
вы ім кліч апавясьцілі:
к новай долі йсьці праз гарт.
Ваша вогнішча сьвятое
вапылае хай агнём,
да яго ўсё маладое
хай гарнецца ноччу й днём.
Хай яно так разагрэе
цела й дух усіх дзяўчат,
каб ня быў ніхто, хто млее,
каму страшны злыдзень — кат.
Сёстры вогнішча, глядзеце,
будзьце вогнішчам сьвятым,
добрым прыкладам сьвяцеце
ацажэлым і слабым.
Будзьце вогнішчам вы хатнім,
дзе шчасьліва ў грамадзе
жылі-б ўсе ў каханьні братнім,
месца дзе няма бядзе.
Будзьце вогнішчам, якое,
разагрэе крыўску кроў
і папаліць ўсё благое,
абудзіць гонар і любоў.
Будзьце вогнішчам, якое
спаліць злую долю ў нас
і асьвеціць дарагое
слова: „Вольным быць ўжо час!“
|