Ты ведаеш, розна бывае ў змаганні… (Таўлай)
Ты ведаеш, розна бывае ў змаганні… Верш Аўтар: Валянцін Таўлай 1929 Крыніца: http://rv-blr.com/verse/show/90695 |
Ты ведаеш, розна бывае ў змаганьні,
цябе я вітаю з-за крат…
Успомні, дзяўчына, вясну, і каханьне,
і сьцежкі, і жыта, і сад…
Успомні, як ночы плылі і міналі
пад звонкую трэль салаўя.
Успомні, дзяўчына: тады прысягалі,
што буду я твой, ты — мая.
Хай кінула доля турму, як завалу,
зваліла на сьцежак прасьцяг,
вер: іскра каханьня, што ў сэрца запала,
ня згасьне ў астрожных мурах.
Калі не загіну ў няроўным змаганьні,
на волю зноў выйду з-за крат.
Запомні, дзяўчына, вясну, і каханьне,
і сьцежкі, і жыта, і сад…
(1929)