Т. Кляшторны. Сьветацені (Гародня)
Т. Кляшторны „Сьветацені“ Крытыка Аўтар: Алесь Гародня 1928 Крыніца: Полымя. — 1928. — №8 |
Т. Кляшторны. Сьветацені. Выд. БДВ. Менск. 1928 г. См. 42. Ц. 45 к.
Кляшторны — адзін з маладых, але, бязумоўна, здольных нашых поэтаў. Што ў сэнсе настрояў у творчасьці Кляшторнага далёка ня ўсё абстаіць так, як трэба, — гэта знаюць у нас, бадай, усе, і знаюць, трэба сказаць, ужо даволі даўно. У працяг апошняга году шмат хто гаварыў нават, што Кляшторны перажывае крызіс, што талент яго зыходзіць на нішто, што ў сваёй творчасьці Кляшторны застыў, збанкрутаваўся і што далейшы поступ яго нават у галіне формальнай нібыта немагчымы.
Пасьля гэтых гутарак неяк з асабліваю цікавасьцю бярэш у рукі кожны новы яго твор. І што-ж? Наўпярэчкі ўсім гэтым „хаўтурным" гутаркам трэба прызнаць, што ніякага асаблівага крызісу ў творчасьці Кляшторнага не наглядаецца, што разам з большасьцю нашае пісьменьніцкае моладзі, Кляшторны расьце, талент яго разьвіваецца, форма ўдасканальваецца.
Яскравым довадам гэтага зьяўляецца яго новая кніжка „Сьветацені", што ня дужа даўно вышла з друку. Тут мы можам убачыць, бязумоўна, значны поступ Кляшторнага ў галіне формальна-мастацкай. A6 гэтым сьведчыць вельмі старанная, часам надзвычайна выразная чаканка вершаў, тэхнічна добрая, гучная і, часам, сьвежая рыфма. Толькі вось наконт вобразнасьці ня ўсё добра. Вобразы часам стараватыя, — часам немэтаімкнёныя, рэжуць сьвядомасьць чытача нейкім дысонансам з агульным зьместам твору. Некаторыя вобразы рэжуць вуха сваёю назойлівасьцю, бо ўжываюцца Кляшторным занадта часта. Да гэтае катэгорыі вобразаў трэба далучыць усе гэтыя „Туманы", „марозы", „сьцюжы", „вeі" „агаркі“, „дагараньні" і шэраг іншых.
Тое-ж можна сказаць і пра некаторыя ўлюблёныя Кляшторным эпітэты. Але ў гэтай галіне справа абстаіць яшчэ горш. Тут мы маем цэлы шэраг такіх „навінак“, якія ўжо даўно абрыдлі, бо ў працягу стагодзьдзяў ня выходзілі з ужытку літаратурных анучнікаў усяго сьвету. Да гэтай катэгорыі належаць: „бярозавыя просіні", „сіняватыя плёсы", „Ружовыя вянкі", „залатыя сьцежкі", „сады верасьнёвыя" (у іншых — „ліпнёвыя", „жніўнявыя" і г. д.), „сінь верасьнёвая", „затоны крыштальныя" абмежкі лілёвыя", „восень крыштальная", „сінія пералівы", „сонечныя струны", „розныя туманы", „бярозавыя далі", „соннае лісьце", „звонкія далі", „залацістае лісьце", „расквечаная вясна" і г. д.
Спадчынай богэмшчыны (здаецца, ужо зжытай Кляшторным) гучаць усе гэтыя „ружовыя шклянкі“, „наліўкі ледзяныя", „п'янае юнацкае віно", „першы хмель разбураных надзей". Хаця ўсяго гэтага адмоўнага ў „Светаценях" куды менш, як у ранейшай творчасьці Кляшторнага, аднак і тут для няпрызвычаенага вуха гэтае трухі аж занадта.
„Эстэтнічаньне", як і раней, складае вельмі характэрную для ўсяе творчасьці Кляшторнага рыску. У гэтым Кляшторны ў значнай ступені набліжаецца да Жылкі, з той толькі розьніцай, што трэба прызнаць наяўнасьць у Кляшторнага куды большага густу, і таму ў яго эстэтнічаньне ня носіць такога занадта глуха-местачковага характару, як эстэтнічаньне Жылкі.
Пераходзячы да заўваг пра зьмест зборніку Кляшторнага, перш за ўсё зазначым, што, як і ранейшая яго творчасьць, „Сьветацені“ прасякнуты сумнымі, мэлянхолічнымі настроямі, што вельмі добра стасуецца з яго „марознай", „ледзяной", „п'янай" і іншай „гітарнай“ вобразнасьцю.
Цікавы падыход Кляшторнага да грамадзкага жыцьця свае краіны, які выступае асабліва яскрава ў вершах: „У вёсцы" (ст. 3), „У дарозе", ст. 7, і „Сьцюжа тут, сьцюжа пануе... (ст. 14), Кляшторны зусім не становіцца віцца варожа да сучаснага. Наадварот — ён адносіцца да сучаснага з вялікай спагадаю. Але, пазбаўлены клясавага пачуцьця, Кляшторны ня можа об'ектыўна і зусім спакойна падыйсьці да яго, бачыць яго так, як яно ёсьць і з таго, што ён бачыць, зрабіць правільныя вынікі. Вось таму і атрымліваецца так, што, ня гледзячы на паасобныя нібыта бадзёрыя сказы (чыста лёзунгавага характару), і гэтыя вершы прасякнуты тэю-ж мэлянхоліяй, тым-жа сумам, які зьяўляецца такім характэрным наогул для ўсяе творчасьці Кляшторнага і які, бязумоўна, стварае ў чытача пэсымістычны настрой.
У вершы „У вёсцы" мы маем сапраўды дужа сумны малюнак. Справа адбываецца ясна на фоне, марознае зары" і „вясёлае заве", што зьвініць над стрэхамі „на тысячу гітар"... Сялянская хата „Слодач успамінаў". Зара дагарае „пунсоваю дрожжу". Аўтар (ці асоба ад імя якой аўтар гаворыць, сядзіць і чытае газэту. A сусед, пазяхаючы скрозь сон і дрымоту, заводзіць гутарку на тэму „о пользе распития" самагону і марыць аб тым, каб улада дазволіла „свабодна ціснуць з брагі самагон", без яго „і сьвята, бач, ня ў сьвята", а з ім „сьвятлей на сьвеце жыць"... потым сусед пачынае гаварыць, што —
„твая, Максім, |
а гаспадар адказвае, што яго, нібыта, „зямля адалела", — зямлі „многа" каля яе занадта многа працы, хату будаваць немагчыма. Вось там — недалёка, — хутар „Застава" і ў ім „нейкая арцель", — на „нейкіх паях" —
„вось, там, дружок. |
адным словам, — арцель можа будавацца, а індывідуальная гаспадарка — узьняцца ніяк ня можа:
„А наша справа, братка, — |
Ці праўда гэта? Няўжо Кляшторны ня бачыць, з якой надзвычайнай шпаркасьцю будуецца наша вёска? Здаецца, даволі толькі праехаць па Савецкім Саюзе, каб убачыць гэта! Але ўсё гэта праходзіць міма Кляшторнага...
Вось гэтая сьлепата яго і перашкаджае як сьлед, правільна падыйсьці да сучаснага. Мабыць, Кляшторны і сам адчувае гэта. Так, напрыклад, у вершы „У дарозе" — ён як-бы агітуе за сучаснае, заходзячыся апраўдаць гэтае сучаснае мінулым. Ён дае вельмі ўдалы малюнак — Старога, і гэты малюнак эмоцыянальна заражае чытача на карысьць сучаснага. А пра сучаснае Кляшторны гаворыць вельмі мала. Зацьверджаньне яго, што на месцы таго маёнтку, пра агіднае мінулае якога ён апавядае — „цяпер багацейшы саўхоз" — гучыць неяк занадта дэклярацыйна і зусім не пераконвае. Усё, што Кляшторны знаходзіць магчымым сказаць, каб апраўдаць сучаснае, гэта тое што: —
„... над нізкай сялянскай страхою |
З першага погляду — гэта вельмі рэволюцыйна. Але, калі ўдумацца ў гэтыя радкі, мімаволі прыдзецца прысьці да думкі, што „надзеі" могуць быць і ў чалавека, які знаходзіцца ў самых дрэнных жыцьцёвых умовах. Такім чынам, апраўдаць сучаснасьць адным толькі фактам наяўнасьці надзей — справа вельмі безнадзейная.
У вершы „Сьцюжа тут, сьцюжа пануе..." Кляшторны дае абразок жыцьця ў гарадзкім шматкватэрным доме. Ён дае гісторыю дому ў яго мінулым і сучасным. Што-ж ён дае? У мінулым — п'яныя афіцэры. У сучасным — нейкі падпанак з сям'ёю, які „носіць дваранскія транты". Калісьці — злыя сабакі, што „ноччу грызьлі ланцугі". Цяпер — „жучкава будка", якая вартуе „дальнюю зорную сінь", трухлявыя сьцены:
„дзе перажытага цені |
Нарэшце — „нехта“, які „ад партыйнае сьцежкі... вяслуе чаўны". Сумны малюнак у мінулым, сумны і ў сучасным.
Праўда, Кляшторны гаворыць, што:
„...над пахілай кватэрай |
Але зараз-жа зьнішчае ўвесь сэнс гатае агаворкі, дадаючы:
„чорт яго ведае, дружа. |
Такім чынам, побач з бязумоўным поступам у галіне тэхнічнай шліхоўкі вершу, мы маем у „Сьветаценях" Кляшторнага тыя-ж старыя мотывы, той-жа пэсымізм, той-жа беспадстаўны сум, які наглядаўся намі з самага пачатку ва ўсёй яго творчасьці. Кляшторны жыве, Кляшторны працуе над сабой. Але, на вялікі жаль, калі ня лічыць некаторага памяншэньня ўплываў богэмшчыны, што раней моцна адчувалася ў яго творчасьці, у галіне ідэолёгічнай у „Сьветаценях" не наглядаецца жадных зрухаў, жаданага да нас набліжэньня. У клясавым змаганьні Кляшторны яшчэ дагэтуль ня вызначыў сабе шляхі.
Алесь Гародня.
Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.