Памяці Івана Луцкевіча (1920)/Успаміны пра Івана Луцкевіча/Кахановіч
← Успаміны пра Івана Луцкевіча | Успаміны пра Івана Луцкевіча Успаміны Аўтар: Міхаіл Кахановіч 1920 год |
Успаміны пра Івана Луцкевіча → |
Маё першае спатканьне з Іванам Іванавічам пасьля расейскай рэвалюцыі было ў Магілёве на Дняпры, куды я выехаў з Вільні ў летку 1915 г ў час яе эвакуацыі расейскімі установамі перад прыходам нямецкіх войскаў.
Магілёў жывапісна і паважна спаў у працягу даўгіх гадоў царызму на прыгожых узгор‘ях паэтычнага Дняпра, такога спакойнага і таёмнага.
Магілёў — адзін з найбольш захалусных губэрнскіх цэнтраў, дзе, ня гледзючы на цьвёрды курс русіфікатарскай царскай палітыкі, захавалася і не паддавалася выкараненью беларушчына. Царквы, касьцёлы, асобные будынкі, вуліцы і, наканец, людзі — ўсё гэта дае выразны лік беларускага места, дзе ёсьць усе данные для расцьвету прыдушанай, але захаваўшайся старадаўнай беларушчыны.
Тут мне прышлося пражыць час, калі ў Магілёве была царская стаўка, а такжа рэвалюцыю са ўсімі яе зыгзагамі, пачынаючы ад адрачэньня цара аж да пераходу ўлады ў рукі камуністаў.
На фоне рэвалюцыйнага руху поруч з яго уклонам у соцыяльны бок моцна ўзрастаў і рэвалаюцыйны нацыянальны рух. Паднявольные народы рвалі скоўваўшые іх ланцугі рабства і абвяшчалі сваю незалежнасьць. Беларусь рвалася на волю і праз сваі грамадзянскіе нацыянальные установы шыбка арганізоўвалася. Магілёўскіе беларускіе арганізацыі разам з прадстаўнікамі іншых магілёўскіх арганізацый: губэрнскіх, мястовых, нацыянальных, прафэсіянальных і т. д. праклямавалі незалежнасьць Беларусі. Гэта было ў летку 1917 году.
Іван Іванавіч, як вецярок беларускага адраджэньня, разумеецца, ня мог не зацікавіцца тым, што робіцца у Магілёве, гэтым важным і старадаўным цэнтры усходняй Беларусі. Ужо хворы і слабы, ён прыехаў ў Магілёў, каб на месцы пабачыць, як вядзецца беларуская праца. Склікан быў сход з віднейшых беларускіх дзеячоў, на каторым Іван Іванавіч зрабіў даклад аб агульным палажэньні беларускай справы. Іван Іванавіч раіў нам моцна трымацца лёзунгу: „непадзельная і незалежная Беларусь“ і ўсімі сіламі змагацца з ворагамі беларускага адраджэньня.
У той час, у першы год рэвалюцыі, розные расейскіе партыі, вышаўшы з падпольля, напоўніліся да краёў новымі сябрамі, каторые падчас ня мелі нічога супольнага з праграмай партыі. Гэтые чарнасоценцы, ці проста несьвядомые людзі, налажылі брудны адпячатак амаль не на ўсе расейскіе партыі, праклямоваўшые пекные прынцыпы толькі на паперы, а на дзеле змагаўшыеся з сваей уласнай праграмай.
Іван Іванавіч, як дазнаны палітык, перасьцярог нас ад пагоні за таўпой, каторая толькі на вока сьведчыць аб моцы арганізацыі, за каторай ідзе. Куды мацней стаіць справа, калі ў самой арганізацыі ёсьць людзі пэўные, пракананые і здольные да ахвярнай працы.
Іван Іванавіч высказаўся і па пытаньню аб орыентацыі, якой павінны трымацца беларусы. Ён бараніў патрэбнасьць цеснага контакту беларусаў з украінцамі і літоўцамі, як нашымі бліжэйшымі суседзямі, і наагул са ўсімі вызваляючыміся народамі, знаходзіўшыміся пад ярмом расейскага царызму. Іван Іванавіч асабліва падкрэсьліў, што Беларусь, жыўшая ў даўные часы ў цеснай згодзе і братнім саюзе з літвінамі, і цяпер павінна-б была для большай сваёй і літвіноў карысьці шукаць перш за ўсё згоды і саюзу з літвінамі. Польшча і Расея — найбольшые ворагі беларускага адраджэньня. І адна і другая глядзяць на Беларусь, як на сваю зямлю. Расейскі чыноўнік і польскі шляхціц-пан нясуць нам сьмерць замест адраджэньня, бо і той і другі любяць толькі сваё і, зацікаўленые ў істнаваньні Вялікай Расеі і Вялікай Польшчы, зьяўляюцца найстрашнейшымі ворагамі незалежнай і непадзельнай Беларусі.
Іван Іванавіч прабыў некалькі дзён у Магілёве. Апрача азнаямленьня з нацыянальным рухам і прыданьня яму належачага кірунку, Іван Іванавіч меў мэтай свайго прыезду сабраць у Магілёве старасьвецкіх рукапісных беларускіх кніг і іншае старыны для выстаўкі старой беларускай культуры ў Менску. Івану Іванавічу удалося знайсьці ў Магілёве даволі цэнных экзэмпляраў стара-беларускага пісьменства, якіе хаваліся ў „Царкоўна-гістарычным Музэі“, і з пазваленьня Магілёўскага архіепіскапа Канстанціна вывезьці ў Менск.
Выежджаючы з Магілёва, Іван Іванавіч горача дзякаваў нам за працу і высказаў сваё здавольненьне, што Магілёў мае беларускі твар і беларускую душу, ня гледзючы на антыбеларускую палітыку апошніх сталецьцяў.
Другое, што мне хацелася-б успомніць, каб не забылася, гэта — праца Іван Іванавіч над залажэньнем у Вільні беларускай гімназіі, куды і я перакачаваў з Магілёва, пасьля таго, як немцы прышлі ў гэнае места.
Зусім хворы, павінны ляжаць у ложку, Іван Іванавіч на вялікую шкоду свайму здароўю многа папрацаваў над тым, каб адчыніць ў Вільні беларускую гімназію. Ён хадзіў па розных — спачатку польскіх, а потым комуністычных установах, каб заручыцца згодай на аддачу будынку па Вострабрамскай № 9 пад беларускую гімназію. Ён прыняў жывое ўчасьце ў арганізатарскай працы ініцыатыўнай групы беларускіх пэтагогаў, у склад каторай увайшлі: А. Чарняўская, А. Сакалова, Ю. Мэнке, І. Станкевіч, М. Кохановіч і інш. Гімназія была хутка адчынена. Гэта было 1 лютага 1919 году. Іван Іванавіч сам узяўся выкладаць беларусазнаўства і краезнаўства.
Каму ня ведама, як глыбока знаў нябошчык Іван Іванавіч беларускую старыну? Ня дзіва, што лекцыі яго, ня гледзючы на душыўшы яго ад сухот кашаль, слухаліся вучашчыміся з найвялікшай сымпатыяй і ахвотай. Ня доўга толькі прышлося вучашчымся слухаць мудрые словы Івана Іванавіча. Хвароба моцна прыкавала яго да ложка, з каторага ён ня мог больш падняцца.
Калі разняслася сумная вестка, што Іван Іванавіч адышоў у вечнасьць і пахован у Закапаным, уся гімназія — і вучашчые і вучашчыеся, бяз рожніцы веры пайшлі на жалобную імшу ў касьцёл, каб памаліцца за дарагога нябшчыка, аддаўшага ўсё сваё жыцьцё на службу адраджэньню роднай бацькаўшчыны Беларусі.
М. Кахановіч.