У прасторы (1926)/Пяты год
← Гіерогліфы Яэля | Пяты год Апавяданьне Аўтар: Ілары Барашка 1926 год |
Бяда → |
ПЯТЫ ГОД
I
Пяты год. Рэволюцыя.
Абарваліся ланцугі людзкога цярпеньня. Чакаць далей няма магчымасьці… Рэволюцыя патрэбна. Стогне рабочы, енчыць селянін. А пан-памешчык, а пан-фабрыкант рагочуць… Яны жывуць… Для іх жыцьцё… Для іх мільёны замурзаных рабочых, мільёны сярмяжных сялян…
Цягнеце лямку… І ні-ні. ані духу… калі чуць што… дык сіла ў нас — гэта капіталістыя.
А асілак-рабочы: Досыць пакуты… Досыць цягнуць абрыдлую лямку, ня бачачы сьвету! Досыць пракляцьцяў з-пад цішка, — паўстань пракляцьцем катаваны!
А селянін: Скідайце ярмо панскага прымусу! Толькі той гаспадар — хто працуе!..
Паўстань, мужык! Паўстань, хто з голаду век пух! Досыць! Прэч паноў! Мы самі стаць павінны гаспадарамі!
І пранесьліся гэтыя галасы. І забурліў розум у мільёнах мужычых і работніцкіх галоў!
Да волі пачаў клікаць другія дзесяткі, соткі мільёнаў, рваць ланцугі заклікаў!
І абарваліся путы цярпеньня. Наступіў пяты год. Прышла, пранеслася, пракацілася з кута ў кут навальніцай рэволюцыя… Першая Расійская Рэволюцыя.
II
Менск гарыць… Але не пажарам. Ня Менск гарыць, а тысячы пролетарскіх розумаў Менску… Гараць надзеяй скінуць агіднае царскае правіцельства, правіцельства жандараў, паноў, чыноўнікаў…
Прэч самадзяржаўе!
Прэч цара!
Прэч дзяржаўную думу!
Няхай жыве Рэволюцыя!
Няхай жыве Рэспубліка!.. — нясуцца воклікі пролетарыяту ўсё гучней і гучней… Падступаюць пад горлы царскіх чыноўнікаў гэтыя словы — чуюць яны, што задушыць іх могуць, і прымаюць „належныя крокі“… Ня крокі, праўда, а бізун…
І ўсё мацней і мацней б‘е, усё глыбей урэзваецца нагайка жандара ў сьпіны рабочых.
Стогне Менскі пролетарыят… Яго словы чуе Барысаў, Бабруйск, Магілеў, Віцебск і ў адказ паўстаюць. І там бізун, і там стогны… цэлы пяты год… Але ня стогны пакорныя, ня стогны прыдушанага, а стогны паўстаўшага, азьвярэўшага, толькі стогнучага ад болі…
Ня стогны пакор‘я чуюцца, а стогны болю… Праз рэволюцыю да лепшае будучыны — мэта ўсяго прыгнечанага пролетарыяту. Змагацца ёсьць за што, значыць, хоць і чуеш сьвіст нагайкі — змагайся! І змагаліся цэлы год… Урэшце, нагайка сталася вінтоўкай і халодным вострыем штыку, і пранырай куляй давай пранізваць пролетарыят. А ён яшчэ больш азьвярэў, стаў непакорным… і чутны, і відны былі:
Стачкі, забастоўкі, маніфэстацыі…
Арышты, расстрэлы, шыбельніцы…
Як першае, так і другое — адказы. Першае — адказ пролетарыяту капіталістым, другое — наадварот.
III
Кастрычнік.
Канцылярыя менскага губарнатара. Губарнатарам — гэнэрал Курлоў. Снуюць шпігі, прыслухоўваюцца да кожнага слова рабочых і дакладваюць „па начальству“.
Вар‘яцеюць чыноўнікі, са скуры лезуць… чуюць над горадам пах гары…
Стрыколіць апарат на тэлеграфе. Нэрвова выбівае:
.—..—…— — .—…—…— —.—..—…— —…—
гэта значыць:
ПЕТЕРБУРГ из МИНСКА. Департамент Полиции. Брестская забастовала. Ожидается забастовка Роменской. Все типографии Минске прекратили работу, кроме губернской, которая охраняется. Ожидается всеобщая забастовка и учебных заведений. Классическая гимназия и коммерческое об‘явили уничтожение самодержавия. Губернатор Курлов. |
І праўдзяцца словы тэлеграмы… зноў стрыколіць апарат. Нэрвова выбівае:
ПЕТЕРБУРГ из МИНСКА. Управляюцему Министерством Внутренних Дел. Полная забастовка. Об‘являю Минск военном положении. Слабости гарнизона телеграфировал. Все уезды об‘яты беспорядками. Войск почти нет. Необходимо усиление войск полком регулярной каваллерии. Митинге Барановичах солдаты сорвали погоны генерала Артем‘ева, побили его. Губернатор Курлов. |
Побач з: „Полная забастовка. Все уезды об‘яты беспорядками“ пра „пагоны, сарваныя на мітынгу“…
Недарма рэволюцыя, а з-за яе губарнатарская трасца…
IV
18 кастрычніка.
Памятны дзень…
І самы звычайны асеньні дзень…
У горадзе рэволюцыя…
А чуткі даўно насіліся, што 18 кастрычніка ў Менску рэволюцыя…
Мікола Рэўчык прыехаў у Менск на заработкі. Працуе на фабрыцы. Ну й цікавы-ж ён чалавек!
Чуе ад рабочых:
— Рэволюцыя.
І сам: раз рэволюцыя, дык рэволюцыя. Даўно ён ужо чуў пра рэволюцыю, даўно ён, яшчэ ў вёсцы, лічыў сябе рэволюцыянэрам, аднак, ніхто ня верыў гэтаму.
Рэўчык аставаўся ў няпрымецьці.
Толькі калі прыехаў у Менск, — ён тут разгортвае сваю рэволюцыйную дзейнасьць.
Працуе ён у „дэпо“, у чыгуначнай майстэрні — малатабойцам, год з пяць, і тут робіцца гэроем рэволюцыі.
Шумны гэты 1905 год. Будзіць ён пачуцьцё сотак тых, якія адчуваюць сябе рэволюцыянэрамі.
Абудзіў ён і пачуцьцё Рэўчыка.
Сходкі, мітынгі амаль штодня зрабілі на яго ўплыў, выгартавалі рэволюцыянэра.
На плошчы натаўп.
Натаўп з адзінай марай… стварыць рэ-во-лю-цы-ю!
Гойсаюць разьезды коньніцы… стрымліваюць рэволюцыю…
— Не задушыць вам яе! — з натаўпу статны рабочы-чыгуначнік адказвае моцна, працяжна. Словы знашлі сабе водклік у натаўпе.
— Ня стрымаць рэволюцыі!
— Няхай жыве Рэспубліка!
У натаўпе пранёсься шум. Гэта пачалі супакойнаць — адчыняўся мітынг.
— Цішэй, цішэй, таварышы! — праносіцца вокліч у натаўпе.
Раптам над галовамі выстыркаецца фігура рабочага. Па твары й адзежы пазнаць можна мэталістага Рэўчыка.
— Таварышы! — кідае ў натаўп. — Сёньня сабраліся мы тут, вы, мабыць, ведаеце, чаго? Мы вас апавясьцілі. Цар выдаў маніфэст, які ад нас трымаюць у сакрэце! Нам патрэбна ведаць яго, каб надалей знаць, як змагацца. Мы патрабуем яго апавяшчэньня!
Мы катэгорычна протэстуем супроць арышту ні ў чым нявінных нашых таварышоў, якія знаходзяцца ў турме. Мы патрабуем іх вызваленьня!
— Патрабуем вызваленьня! пранеслася ў натаўпе і адгукнулася водгульлем.
— Помста тыранам!
— Прэч самадзяржаўе! — не супакойваўся натаўп.
Нехта выстраліў…
Стоячыя ля прамоўцы — Рэўчыка — шэрагі рабочых хістануліся ў бакі.
Куля коннага жандара нацэліла ў твар Рэўчыка. Ён хістануўся наўзьніч, яго падхапілі.
— Першая ахвяра рэволюцыі, — ціха прагаварыў нейкі стары барадаты рабочы.
Першая ахвяра зрабіла на натаўп уплаў.
Гучна неслася:
Вы жертвою пали… |
А натаўп, абкружаны коннай поліцыяй, нярухома стаяў ля дому губарнатара, патрабуючы вызваленьня арыштаваных рэволюцыянэраў і апавяшчэньня маніфэсту.
Адчувалася духота, сьпякота, чакалі губарнатара.
А ў канцылярыі губарнатар дыктаваў:
Полная забастовка. Двухтысячная толпа осаждает мой дом, требуя освобождения арестованных. Ожидаю распоряжений. Губернатор Курлов. |
Пачалося 18 кастрычніка…
V
Губарнатар дачакаўся распараджэньня па тэлеграфе: „Манифеста — не об‘являть, арестованных — не выпускать“. Коратка ды ясна…
А натаўп стаіць, бы сьцяна.
Урачыста-жаласьліва нясуцца ў паветра словы:
Слезами залит мир безбрежный, |
І жаласьлівае мяняецца, мяняецца на пагрозу, суровую пагрозу:
Но день настанет нейзбежный, |
На балькон губарнатарскага дому вышаў адзін з чыноўнікаў.
— Нарэшце! — нехта выказаў сваю думку ўслух.
А чыноўнік:
— Господа! Все, все идите на площадь Виленского вокзала… там будет… об‘явлен… ваши требования… там… удовлетворены!.. — і зьнік.
Натаўп рынуўся ісьці. Шэрагі колён павялічваюцца. Вырасьлі ў мора людзкіх галоў.
Натое рэ-во-лю-цы-я!!!
Вунь павярнулі з плошчы на Турэмную… вунь першыя шэрагі натаўпу праходзяць ужо каля турмы.
Вакол турмы, крамя белых мураваных сьцен — жывы плот: гэта конная поліцыя сьцеражэ турму з соткамі закутых у ланцугі людзей, адданых барацьбітоў за справу рэволюцыі…
Праходзіць натаўп каля турмы, а з-за сьцен, з вокан глядзяць соткі запалых, але палымнеючых адвагай, вачэй. У вадказ на сьпевы натаўпу адказваюць, уздымаючым пачуцьцё змагальнікаў, моцным: Урааа!..
Заёрзаліся коні поліцэйскіх на месцы… глыбей уеліся цуглі…
Вось-вось кінуцца гатовы на натаўп, гойсаць па людзях. Але спакойна прашло… Натаўп ішоў далей і далей, адны шэрагі зьмяняліся на другія, падобныя на першыя. Натаўп урачыста ішоў да Віленскага вакзалу, убіраючы ў сябе соткі, тысячы адзінак — рос…
Нешта будзе! — кожны разважаў.
Але ішлі.
Вось і „плошча каля Віленскага вакзалу“. Дзесяць тысяч — адно цэлае. Зноў чакаюць… губарнатара. Мітынгуюць. Усклікі не супакойваюцца.
Чырванеюць сьцягі. Прамоўцы ўлазяць на зэдлік, кінуць натаўпу дзесяць — сто слоў і мяняюцца адзін другім.
А натаўп стаіць, а натаўп чакае…
VI
Гаах! — уздрыганула зямля.
Гаах! — адгукнулася ў паветры.
— Плі!. плі-плі!.. — чутна каманда казакоў.
— Плі! — чутно было некаторым з натаўпу, блізка стаячым, а рэшта — большасьць пачула залп з пяцісот, а мо‘ і болей, сталёвых стрэльбін, моцна прыціснутых да плеч — „вернага казацтва“.
Першы залп — угару. Дымам акутала натаўп. Калі пачуліся стрэлы, калі акутаў паветра над натаўпам дым ад першага залпу, натаўп быццам адзервянеў, адзін да другога прыціснуліся ў адно цэлае і так чакалі… другога… залпу.
— Плі! — пачулася. Але ня ўгору, а ніжэй крыху — проста па натаўпу, па людзях.
Быццам сьцятыя касой, пачалі класьціся на вільготную ад асеньніх дажджоў зямлю першыя дзесяткі забітых.
Пачулася жаласьлівае: „Ра-атуйце-е“.
А каля ўсходаў у памяшканьне вакзалу не змаўкае:
В бой роковой мы вступили с врагами, |
І ў адказ на залпы адказваюць біцьцём каменьнямі шыб у вокнах вакзалу.
А „вернае казацтва“ наступае бязупынна, крок за крокам адыходзіць натаўп, памяншаецца ў ліку, зьнікае з плошчы, пакідаючы ахвяры…
Вось ужо казакі ідуць па людзях, па стогнучай зямлі…
Стрэлы не змаўкаюць, сьпеваў няма.
Натаўп зьнік. Толькі цэлая плошча ўкладзена ахвярамі…
VII
Вечар. Дзевятая гадзіна. Кватэра губарнатара. Званок. Лёкай адчыніў дзьверы. Ўвашоў закутаны ў дажджавы плашч высокі статны мужчына.
— Губернатор где? — запытаўся.
— У габінэце.
Мужчына вяртлява выпутаўся з плашча.
Лёкай пазнаў менскага поліцэймайстара Норава.
— Далажэце, што Нораў, — кінуў барадатаму лёкаю і сам сеў у гасьцінай.
— Войдите, — пачуўся грубы голас губарнатара.
— Я с докладом, — цокаючы шпорамі, вітаўся Нораў з Курловым.
— Казаки помогли. А революционное движение растет. Мои люди подсчитывали, толпа была — десятитысячная. Получил письмо о готовящемся на меня покушении, теперь в городе все спокойно. Что завтра будет — пока не знаю.
— Завтра?! — Стрелять! Революцию задушим… крамолу сотрем с лица Русской земли. Стрелять! Войска же в Минске хватает!
— Задушым! — вырвалася ў губарнатара, аддалося рэхам па пакоі, і патанула ў мяккай мэблі…