У іншым шчасьці няшчасьце схавана (1919)

У іншым шчасьці няшчасьце схавана
Драма
Аўтар: Карусь Каганец
1919 год

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




БЕЛАРУСКАЕ ВЫДАВЕЦКАЕ ТАВАРЫСТВА.




К. Каганец.


У ІНШЫМ ШЧАСЬЦІ
НЯШЧАСЬЦЕ СХАВАНА.

(Пасьмяротнае выданьне)


БЕЛАРУСКАЕ ВЫДАВЕЦКАЕ ТАВАРЫСТВА.




К. Каганец.


У ІНШЫМ ШЧАСЬЦІ
НЯШЧАСЬЦЕ СХАВАНА.

(Пасьмяротнае выданьне)



Вільня, друкарня „Зніч

1919 г.

АСОБЫ:

1. Прузына — удава па добрым поўвалочным
гаспадару.

2. Піліп — яе сын гадоў 15-х.

3. Марыля — дзяўчына гадоў 17-18. Яе дочкі.
4. Еўка — дзяўчына гадоў 12-13-х.


5. Астап — парабак гадоў 21.

6. Макрына — старая дзеўка, валацуга, трохі
знахарка, трохі шалёная,
варіятка.

ЧАСЬЦЬ ПЕРШАЯ.

(Абед у хаце. З аднае міскі чэрпаюць: Прузына, Марыля, Еука, Піліп і Астап. Марыля, быццам ненарокам, вычэрпвае у Астапа з лыжкі).

Прузына. А палотны сягоньня намачыла?

Марыля. А як-жа.

Прузына. Годзе, Марыля! Ня дурэй, і зьесьці яму ня дасьць!

Марыля. Няхай есьць! Ці-ж я яму не даю?!

Еука. О, ты цаца, цаца! (памаўчаўшы) Мама! Сягоньня шуляк хацеў рабенькую курку ўзяць… вось, вось ужо быў на ёй… Адно пад клець скочыла, а ён чуць у сьцяну галавою… Адвярнуў нос, абляцеў кругом клеці і палынуў пад жыта…

Піліп. Чаму ж ты яго не злавіла?

Еука. А! А ты злаві!

Піліп. Вось наўда! Схапіла-б камень да па калені сабе каменем, — ён-бы й сеў.

Еука (тыкаючы Піліпу ў нос лыжкаю). Я-ы! Ты так лаві! (Астап кладзе лыжку).

Прузына (да Астапа). Нешта, як я бачу, ты стаў мала есьці. Ці ня хвор ты часам?

Астап (устае з-за стала, вымае з-за лавы тапор; бярэ брус). Нічагутка вашэць! Так штось ня хочацца… пайду.

Еука. Закахаўся… хі-хі-хі!!!

Астап. У кім? Можа ў табе?

Еука. А я то ня дзеўка?!

Піліп. Ось, жаба!

Еука. А ты — рак.

Піліп. Дык я цябе зьем!

Еука. Хіба, рак жывую жабу есьць? Ён толькі забітую і то, каб вачэй ня бачыў… баіцца.

Піліп. Баіцца, баіцца! А ты ведаеш?!

Еука. Ведаю. (павярнулася да маткі).

Прузына. Заўтра ў нас прысьвятак. Трэба да сястры зьезьдзіць. Мо ты Марыля са мной паедзеш?

Марыля. Няхай Еўка едзе.

Еука. Я, мама, паеду. Мама, добра?

Прузына (да Марылі). А ты чаму ня хочаш?

Марыля. Так, нешта ня хочацца… І трэба кашулю Піліпу скончыць…

Прузына. Кашуля не ўцячэ; Піліп ня голы ходзіць.

Марыля. А што-ж мае валяцца?.. І сабе маю сёе-тое зрабіць…

Еука. Я, матачка, паеду! Матачка, я!!!..

Прузына. Ой, ты, Марылька, штось круціш!.. А Васіль старастаў такі нішто дзяцюк… Помніш, як ён усё з табою на ігрышчы гуляў? Табе ўжо і замуж пара…

Марыля. Дык што? Ён мяне ня возьме…

Прузына. Па чым знаць?!. Едзеш?

Марыля. Няхай Еўка едзе, — ёй бо хочацца.

Прузына. Ну, глядзі-ж!.. (да Еўкі). Дык ты шурпа, паедзеш?

Еука (цалуе матку, потым глянуўшы на Астапа). Няхай Марыля з Астапам гаспадараць (выбягае падскакаваючы).

Піліп. Мама, ты мяне пабудзіш быдла гнаць! (кладзецца спаць, бо прыгнаў быдла з раніцы).

(Завеса).

ЧАСЬЦЬ ДРУГАЯ.

(Астап канчае плесьці лапаць).

Макрына. Дабрывечар малойцу! Знаць птушкі напяялі… чаго такі маркотны?… А дзяўчына гдзе?

Астап (кіўнуўшы галавою). Або я ведаю…

Макрына. Ты ня ведаеш? То кепска! Ты павінен усё ведаць. (убягае Марыля; Макрына садзіцца на парозе; Астап пазірае ўсё на Марылю, а далей кідае лапаць пад лаву. Марыля круціцца па хаце, перацінаючы языком, а Макрына прысьпеўвае).

Макрына.

Сярод хаты дзеўча скача,
Бо ў галаве шумна,
А ў куточку хлопец плача,
Бо на сэрцы журна.

Марыля (схамянуўшыся падходзіць да Астапа). Астап!

Астап. Чаго ты?

Марыля. Чаго ты такі маркотны?

Астап. А на вошта табе ведаць?

Марыля. Чаму на вошта? Так… бо… бо я цябе шкадую.

Астап. І дужа ты мяне шкадуеш, га?

Марыля. Дужа. Скажаш?

Астап. Бо дзяўчыну пакахаў.

Марыля (павярнуўшыся бокам і замаргаўшы вачыма). Я… я-кую?

Астап. (прыцягнуўшы Марылю да сябе). Глянь у вочы! Сказаць?

Марыля. Ну?

Астап. Цябе, Марылька, люблю!

Марыля (абымае яго за шыю, моцна прытульваецца, а далей, засаромяўшыся, кажа:) А я-ж і забылася! Гэта-ж палоднаваць пара! І Макрына, пэўне, есьці хоча. (становіць палоднаваць). Сядайце, цётка, з намі палоднаваць!

Макрына. Дзякую галубка! (садзіцца на заслоне). Лётала варона на жыр да арлоў, да толькі лётала, бо жыру не дастала, а накорміць яе галубка сівая. Ой, арол, арол, небясьпечна птушка!.. Пакахаўся сакол дай з галубкаю. Пагналі сакала ў край далёкі — ветры буйныя. Наляцеў арол і галубку стаў драць. Пакуль сакол прыляцеў яе ратаваць, дык ужо і па галубцы. Пагнаўся сакол за арлом і сам арлу ў кіпці папаўся… Ха-ха-ха! Малы на большага не парывайся!

Марыля. Што вы, цётка, такое невясёлае байдурыце? Сказалі-б што весялейшае! (паселі за стол).

Макрына. Калі-ж бо ў іншым шчасьці няшчасьце сядзіць.

Астап (да Марылі ціха). Чаму-ж ты мне нічога не сказала?.. Як ты?

Марыля. Я?.. А няўжо-ж не! Я даўно ўжо… (ядуць адну страву, потым другую. Прыбіраючы з стала, Марыля пяе).

(Завеса).


ЧАСЬЦЬ ТРЭЦЯЯ.

(Астап уваходзіць мокры, накрыушыся мяшком).

Астап. Бр-р-р! Вось дык пагода! І валы зусім прысталі.

Марыля (сьмяецца). Ха-ха-ха! Як ты хораша прыбраўся. (Бярэ яго голаў аберуч і цалуе ў губы). Але ты прамок, — пачакай! Я табе адзежу сухую прынясу. (Марыля выходзіць, Астап расьпіразваецца ды скідае мех і сьвітку. Марыля ўваходзіць з адзежаю і бутэлькаю. Астап бярэ адзежу і выходзіць).

Астап (уваходзіць у сухой адзежы). А дзе-ж матка?

Марыля. Пабегла на сяло: можа хто на места паедзе, каб солі купіў. На, пагрэйся! (падае бутэльку, сама крыху пацягнуўшы). Тфу, горкая!)

Астап Ну, будзь здарова! (п‘е). А-а-а! (абцірае губы). А дзецям насілі палоднаваць? Што яны там робяць?

Марыля. А як-жа, насілі. Яны там коней паганяюць. Але я ў двор балей не пайду…

Астап. Чаму?

Марыля. Так… бо паніч дома.

Астап. А што паніч? Ці ён у места сяголета не паедзе?

Марыля. А хто яго ведае! Кажуць дактары казалі на старане пажыць (памаўчаўшы). І што я яму так далася? І прайсьці нельга.

Астап. Ведама, пан… Ці мала гэта ён дзяўчат пазводзіў?! (садзяцца, абняўшыся на лаве).

Астап (цалуе яе). Ой, галубка, хутка мне ў дарогу трэба зьбірацца!

Марыля. Што ты?! Куды?..

Астап. У места на прызыў, а далей — у салдаты… Бог ведае дзе…

Марыля. А мо цябе не здадуць… (хавае сьлёзы).

Астап. Можа, то можа, усё быць можа. Адно мне ўсё думаецца, што здадуць, бо вельмі-б я шчасьлівы быў, каб не здалі. А чым я гэталькі радасьці заслужыў? (Уваходзіць Прузына і глядзіць на пару. Астап адсунуўся. Марыля пачырванела і, адвярнуўшыся, стала нішчыкам вочы выціраць).

Прузына. Выпраг валы? Гэтак-бы даўно зрабіў, усё роўна не дагараў? І сам захварэць можаш… гэтак намок.

Астап. Як-жа не? Дагараў, адно чуць-чуць дацягнуў… валы прысталі. Захварэць — то я б і рад, можа-б у маскалі не здалі. Трэба пайсьці на-нач каню сечкі нарэзаць, бо на начлег сягоньня не паеду (выходзіць).

Марыля (абняўшы матку). Што-ж мы, матачка, без Астапа рабіцімем? Хто нам пагарэ, хто засее?!

Прузына. Як я бачу, табе ўжо вельмі Астап рупіць! Ён-жа табе ня пара. Ты ўсё-ж такі гаспадарская дачка. Неяк Бог паможа… трэба будзе другога наняць.

Марыля (памаўчаўшы). Мама!, а чым-жа Астап горшы за другіх? Ён-жа і не лянуцька і ня п‘яніца, і разумны і харошы…

Прузына. Так то так, ганьбы яму ніякае няма, — адно бедны.

Марыля. А багаты бедным стацца ня можа?

Прузына. Да што там перад невадам рыбу лавіць! Пакуль ён сваю салдатчыну адбудзе…

Марыля. А як адбудзе, дык што?

Прузына. Тады пабачым, ня дуры галавы! А пакуль што ён табе ня пара… (выходзіць).

Марыля. Вось, мой Божа, які-ж суд у людзей! Ня пара кажуць… Жэняцца, шчасьця шукаючы, а тут не даюць… Ня пара… Бо папраўдзе на хлеб зарабляе і другіх корміць… Ня пара!.. Гаспадарская дачка, а той — найміт. А куды мы без таго найміта Варты?!.. О Божа, Божа!

(Завеса).

ЧАСЬЦЬ ЧАЦЬВЕРТАЯ.

(Хата непадмецена; вокны непамыты. Прузына скрабе бульбу; убягае Еука, а за ёю зараз і салдат уваходзіць.

Еука. Мама, матухна! Нейкі салдат да нас ідзе. Ці не Астап? (становіцца каля печы, павярнуўшыся да дзьвярэй).

Астап (уваходзіць). Пахвалёны Езус! (азіраецца па хаце).

Прузына. На векі векаў! (устае). Гэта-ж Астап! (Падыходзіць, цалуе Астапа ў голаў, а ён ёй у руку). Дальбог, Астап! Распратайся, галубок! Садзіся! Зараз з намі паабедаеш. Чаго ты так азіраешся? Бяда, сынку, бяда! Твая у Бога… (заліваецца сьлязьмі, галосячы).

Астап (жахнуўшыся). Што вы, вашэць, кажаце?! Кажэце ладом!

Прузына Праўду нябога казала, што мы без цябе рабіць будзем. Так і вышла. Дастаўся гэта да нас той Анупрэй Даўбуль, і папсавалася нашая гаспадарка. То тое прападзе, то тое змарнуецца. Бачу я, што кепска. Стала Марылю ў двор выпраўляць. Каб тую долю горкую ведала, лепш бы сама хадзіла. Жалілася яна, нябога, на паніча, каб яму дабра ня было! Дык мне няўцямкі было, каб гэтак вышла. Ці мала хто каго зачэпіць… Ой, бедная мая галованька!

Астап. Ды вы не бядуйце, а кажэце, гдзе Марыля?

Прузына. Я-ж кажу: у Бога.

Астап (спалохаўшыся). Як?! Памёрла? Даўно?!

Прузына (галосячы). Тыдняў пяць, як пахавала галубачку любенькую. І зазнала-ж яна, бедненькая, сораму і мукі ўсялякае!.. (Астап асунуўся на лаву, сьціснуў аберуч голаў. А Прузына, трохі супакоіўшыся, гаворыць далей). Бачыш, нябога, заходзіў той нягоднік ёй і так і сяк, і на вёску навет забягаў ды ўсё нічога. Вось згаварыўся ён з аканомам. Той пры расплатцы ў суботу і кажа: „А ты, Марыля, прыдзі заўтра па грошы, бо цяпер ня стала“. Вось яна пабегла, а там аконам з панічом як прысукаліся, дык мусіла выпіць чарку-другую, а далей, як разахвоцілі, дык і добра спаілі. А там… ведама што. (Выцірае вочы). Падходзіў ён потым і сюды, кажуць… Бог іх ведае! Адно нашая стала чагось вельмі журна і з твару зьмянілася. Тужыць усё, бывала, ды па начох плача. Высахла на трэску… І зьлягла… І дзіця чуць пасьпелі ахрысьціць… (заліваецца сьлязьмі).

Астап. Дык бывайце здаровы! Няма чаго мне тут без Марылі рабіць…

Прузына. Ды хоць паабедай з намі!

Астап. Дзякуй! (выходзіць, Прузына і Еўка плачуць).

(Завеса).

ЧАСЬЦЬ ПЯТАЯ.

Еука (убягае з плачам). Мамачка, а родненькая! Прапаў наш Астап, згінуў наш сакалок!

Прузына (жахнуўшыся, а потым махнуўшы рукою). Дзе галубка, там і галубок!

Піліп. Да ты кажы, дзе ён згінуў! Чаго ты соплі распусьціла? Ці не закахалася і ты?

Еука. Распусьціла, распусьціла! Добра, што сам не… Ведама, шкода ўсякага, а яго і пагатове, бо ён добры, харошы…

Піліп. Ды ты годзе сакатаць! Кажы, што з ім зрабілася?

Еука. Што зрабілася!.. Зайшла я гэта да Матрунчыкаў, а сам толькі з места прыехаў. Ён туды Астапа вадзіў, дык усё, як было, расказваў.

Піліп. Ну, дык што ён казаў?

Еука. Стаў ён часта хадзіць…

Піліп. Хто? Матрунчык?

Еука. Ды не, Астап!.. Па гасьцінцы пад дваром. Стрэў гэта паніча ды давай яго карыць, а паніч яго па мордзе. А ён — а Божухна мілы! — Як хопіць паніча за горла да воб зямлю! І давай яго біць кулаком па галаве, па галаве ды па носе!.. Як наляцелі дворныя; да зьвязалі яго беднага. Скруцілі яго тугенька, узвалілі на кары і памчалі, як тыя чэрці добрую душу, да станавога. Паніч, кажуць, сказаў, што Астап хацеў яго нажом зарэзаць, каб аграбіць.

Піліп. Вось, чорт, надумаўся! А паніч што цяпер робіць? Можа да цябе заляцаецца?

Еука. Не перабівай, калі кажу, а слухай, а то казаць ня буду!

Піліп. Ну, ну ня буду!

Еука. Што я казала? Ага! Адно яму ўдалося нож з рук яго выбіць… Ня вышаў-бы ты жыў, каб Астапка наважыў цябе зарэзаць, нябось. Ня такі ён!.. Ага, а станавы ў места яго адаслаў, у турму… А пан так сама за ім езьдзіў і да станавога і ў места, каб прыпільнаваць, кажуць, каб добра яго засудзілі. Многа грошай, кажуць, з сабой узяў… Вось быў Астап і няма!.. (плача, а маці прадучы, сьлёзы выцірае).

Піліп. Вось і шукай тут праўды на сьвеце!.. Здаецца-б хто, а то паны!.. Пойдзеш у двор — такія, здаецца, добрыя, так аба ўсім хораша гавораць. А паглядзіш, дык вось што вычвараюць… Ну, я гэтаму панічу не дарую, папомніць ён мяне! Балазей, у маскалі ня трэба ісьці…

Макрына (уваходзячы). Так яго, так! і сакол арла паб‘е, як зьнячэўку нападзе. Ха-xa xa!…

(Завеса).

1903 г.



Гэты твор быў апублікаваны да 1 студзеня 1929 года і знаходзіцца ў грамадскім набытку ўва ўсім свеце, бо аўтар памёр, прынамсі 100 гадоў таму.