На процэсе Беларускай сялянска-работніцкай Грамады ў Вільні абаронца Сьмяроўскі, руйнуючы тэзісы прокуратуры аб змове, якая нібы-та была ў грамадаўцаў сказаў:
— „Магчыма, змова была ў тым, што сьпявалі беларускі гімн. Прокуроры кажуць, што ў гэтым гімне ёсьць вострыя і цьвёрдыя словы“.
|
Сілу забраўшы, параніўшы грудзі,
родную мову імкнуцца забраць.
— „Сьмяюцца над намі багатыя людзі,
здаецца, панамі іх зваць“.
Сьмяюцца — загнаўшы працоўных за краты,
сьмяюцца — да сьлёз над бядой галыцьбы.
Знаем мы — блізяцца штурмы расплаты —
віхры ліхой барацьбы.
— „Што трэба свабоды, зямлі чалавеку“,
чуеш, гучыць над зямлёю, як гром?
Досыць… Даволі! Мы спалі адвеку…
Запалім-жа сэрца агнём.
Бяз хлеба, бяз грошай, нібы ў бездарожжы,
усюды ганяюць, сьмяюцца і кпяць.
— „Мы доўга цярпелі, цярпець больш ня можам,
дык пойдзем мы долі шукаць“.
Дык пойдзем, здабудзем агнём і мячамі…
Гэй, Беларусь, мы здабудзем, гэй!
— „Хай нас сустрэнуць палямі, лясамі
Грамады працоўных людзей“.
Час той настане, адкінем абрэзы
і судзьдзямі будзем, ня шляхта, а мы.
І родныя словы сваёй марсэльезы
з гордасьцю выйдуць з турмы!..
|