Эх, беларуская вёска,
бедная вёска, ня плач.
Няхай п‘яная паншчына госкае,
няхай скача крывёю імгла.
Ты ня плач… Іх сіла тлее.
Ты ўзыходзіш на вольны шлях!
Руньню новай ўжо зелянее
Беларусі Заходняй зямля.
І вядома, — яшчэ больш пазнаюць
край, дзе толькі адны крыжы, —
гэта край — Беларусь маладая,
ім ня зьнішчыць яе!
Будзе жыць!
Ня плач ты, забранае поле,
весялейшы кідай перазвон.
Прынясе вызваленьне падпольле —
яно — жыцьцё новых дзён!
Срабрыстаю ночкай паслухай —
ня плача жыцьцё, а бурліць.
Ой, завые яшчэ завіруха —
вызваленьне закутай зямлі.
*
У хаце холадна, у хаце цёмна.
Ня жыцьцё, а ігрышча бяды,
Мы й ня жывем, —
а страшаць жыцьцём нас…
Эх, не прападзем,
як у хмарах дым!
Нас мільёны,
Зьмена наша:
партызанскі бор, завод.
Мы нязломны!
Нам ня страшны
ажырэлы панскі род.
Пераможам
сілай працы.
Ня стрыножыць
дух юнацкі.
Беларусь ня церпіць пана,
Беларусь бунтарскі род.
Эх, паўстане край забраны,
дзеці працы — наш народ.
Срабрыстаю ноччу паслухай —
ня плача жыцьцё, а бурліць.
Эх, надыйдзе яшчэ завіруха —
вызваленьне роднай зямлі.
|