Годзе брахні ўжо, падкупленых зводаў!
Годзе таптаньня праўд вечных, сьвятых!
Сьцежку свабоднаму духу народа,
Сьцежку да сонца і зор залатых!
З году у год мы жылі, як жывёла,
З году да году чакалі сьвятла —
Што-ж нажылі мы, як глянуць наўкола,
Што нам апека тут ваша дала?!…
Тые ў дагонцы за блескам часовым
Брацьцяў запрэглі ў нявольнічы плуг,
Тые, таргуючы імем Хрыстовым,
Цемру і здраду спладзілі ўвакруг.
Годзе заходняй ці ўсходняй культуры!
Для беларуса цана ім адна.
Усе вы, Панове, аднолькай натуры:
З сэрца чужога кроў ссалі-б да дна.
Вашу карысьць нам і вашs заслугі
Добра ўжо скеміў таптаны народ;
Добра вядомы і путы і пугі,
Песьціў якімі ваш захад і ўсход.
Мы не пакінем свае папялішчы,
З сьцежкі наперад ня пойдзем назад!
Сьмела здрузгочам старые бажышчы,
Новым законам збудуем пасад.
Годзе нам сілу прыблудаў вялічыць
Дзецьмі, багацьцем радзімай зямлі;
Нашы, загоны даўно ўжо нас клічуць —
Нашы загоны, што зельлем зрасьлі.
Досіць ішлі на чужым павадку мы
Доўгія векі бяз веры ў сябе.
Мы ўжо ня тыя,—інакшыя думы
Вырасьлі з намі, завуць к барацьбе.
Станем к змаганью мы з ведзьмаю-крыўдай
Дружна, адважна, плячо а плячо;
Рухне старое, хоць крэпкае з віду;
Яснае, вольнае створым жыцьцё.
Годзе нам есьці аб‘едкі і косьці,
Злыбедзе усякай паклоны дарыць!
Гаспадары мы ў сябе, а ня госьці,
Час к панаваньню нам сьлед церабіць'
Тое, што ўзята маною дачэсна,
Вечна ня будзе душыць, як прыгон: Наша вярнуцца к нам мусіць канечна,
Гэткі ўжо быту народнаў закон!
Гібне памрока, душыўша ад веку,
Сонца і зоры к сабе сьвет завуць…
Сьцежку свабоднай душы чалавека!
К вольным дням вольныя людзі ідуць!
|